Быццё 20 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нагэб, і абжыўся між Кадэсам і Сурам, і качаваў па Герару.
 
І крануўся стуль Абрагам да зямлі паўднявое, і асяліўся памеж Кадэсу й Суру, і падарожжаваў у Ґерары.

І сказаў ён пра Сару, жонку сваю: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, цар Герара, паслаў [за ёй] і забраў яе.
 
І сказаў Абрагам праз Сорру, жонку сваю: «Яна сястра мая». І паслаў Авімелех, кароль Ґерарскі, і ўзяў Сорру.

І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сне і кажа яму: «Вось, ты памрэш з-за жанчыны, якую ўзяў, бо яна мае мужа».
 
І прышоў Бог да Авімелеха ў сьне ночы, і сказаў яму: «Вось, ты памерлы за жонку, каторую ты ўзяў, бо яна мужняя замужка».

А Абімэлех не дакранаўся да яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць?
 
Авімелех жа не дабліжыўся да яе, і сказаў: «Спадару! нягож народ нават справядлівы ты заб’еш?

Ці ж ён сам не сказаў мне: “Яна сястра мая”, і яна казала таксама: “Ён брат мой”. У прастаце сэрца свайго і ў чысціні рук маіх я зрабіў гэта».
 
Ці ня ён сказаў імне: "Яна сястра мая". І яна, таксама яна сказала: "Ён брат мой". У прасьціні сэрца свайго і ў чысьціні рук сваіх учыніў я гэта».

І сказаў яму Бог ува сне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму засцярог цябе, каб ты не зграшыў адносна Мяне, і не дапусціў, каб ты дакрануўся да яе.
 
І сказаў яму Бог у сьне: «І Я ведаю, што ў прасьціні сэрца свайго ты ўчыніў гэта, і ўдзяржаў таксама Я цябе ад ізграшэньня перад Імною; затым Я ня даў табе дакрануцца да яе.

Цяпер вось вярні жонку мужу яе, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш смерцю ты і ўсе, хто твае».
 
І цяпер зьвярні жонку гэтага мужа, бо ён прарока, і памоліцца за цябе, і ты будзеш жыў; а калі ня зьвернеш, дык ведай, што сьмерцю памрэш ты і ўсе твае».

І зараз жа раніцай, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх паслугачоў сваіх і пераказаў ім усе гэтыя словы ў вушы іх. І людзі дужа спалохаліся.
 
І ўстаў Авімелех нараніцы, і пагукаў усіх слугаў сваіх, і гукаў усі словы гэтыя ў вушы іхныя; і зьлякаліся гэтыя людзі вельмі.

І паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я зграшыў перад табой, што ты навёў на мяне і на царства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне».
 
І паклікаў Авімелех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты з намі ўчыніў? Чым ізграшыў я супроці цябе, што ты быў навёўшы на мяне і на гаспадарства мае грэх вялікі? Учынкі, якія ня чыняць, ты ўчыніў імне».

І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?»
 
І сказаў Авімелех Абрагаму: «Што ж ты меў наўвеце, як чыніў гэты ўчынак?»

Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месцы, напэўна, няма страху Божага, дык заб’юць мяне з-за жонкі маёй.
 
І сказаў Абрагам: «Во я сказаў: "Пэўне, няма страху Божага на месцу гэтым, і заб’юць мяне за жонку маю".

Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але не дачка маці маёй. І я ўзяў яе за жонку.
 
Дый запраўды яна сястра імне: яна дачка айца майго, толькі не дачка маці мае; і стала, маёй жонкаю.

Калі Бог учыніў так, што я пайшоў з дому бацькі майго, я сказаў: “Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой”».
 
І было, як павёў Бог мяне з дому айца майго, то я сказаў ёй: "Во, ласка твая, каторую ты можаш зрабіць імне: на кажным месцу, куды мы прыдзем, кажы празь мяне: ’ён брат мой’"».

Дык узяў Абімэлех авечак, і валоў, і паслугачоў, і паслугачак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку яго,
 
І ўзяў Авімелех драбнога й буйнога статку, і слугаў і нявольніцы, і даў Абрагаму, і зьвярнуў яму Сорру, жонку ягоную.

і сказаў: «Вось, зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася — жыві».
 
І сказаў Авімелех: «Вось, зямля мая перад табою; ідзе добра ў ваччу тваім — жыві».

А Сары сказаў ён: «Вось, даю брату твайму тысячу сікляў срэбра. Вось, хай гэта будзе табе для прыкрыцця вачэй усім тым, хто разам з табой, што ты без віны».
 
І Сорры сказаў: «Во, я даў тысяча срэбнікаў брату твайму; во гэта табе запінашка на вочы перад усімі, каторыя з табою; і перад усімі ты апраўлена».

І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха, і жонку, і паслугачак яго, і яны маглі нараджаць.
 
І памаліўся Абрагам Богу, і ўздаравіў Бог Авімелеха, і жонку ягоную і служэбкі ягоныя, і яны радзілі;

Бо Госпад закрануў бясплоднасцю ўсе ўлонні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.
 
Бо шчытна быў зачыніўшы СПАДАР да часу кажную дзетніцу жаноцкую ў дамове Авімелехавай за Сорру, жонку Абрагамову.