Быццё 25 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Абрагам узяў яшчэ іншую жонку на імя Кетура.
 
І ўзноў узяў Абрагам жонку, а імя яе Кетура.

Яна нарадзіла яму Замрана, і Ексана, і Мадана, і Мадыяна, і Ісбака, і Суэ.
 
І нарадзіла яна яму Зымрана а Ёкшана а Мудана а Мідзяна а Ішбака а Шуага.

А Ексан быў бацькам Сабы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Асурым, і Летусім, і Леўмім.
 
А Ёкшан нарадзіў Шэву а Дэдана. Сыны Дэдановы былі: Ашурым а Летушым а Леюмін.

А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Гэнох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры.
 
І сынове Мідзяновы: Ефа а Ефер а Ганох а Авіда а Елдаа. Усі гэтыя сынове Кетурыны.

І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку.
 
І аддаў Абрагам усе, што было ў яго, Ісаку.

Сыноў жа наложніц сваіх шчодра абдарыў і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцці сваім, ва ўсходнім накірунку.
 
А сыном мамошак, што былі ўв Абрагама, даў Абрагам падаркі, і адаслаў іх ад Ісака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, да зямлі ўсходняе.

І было дзён жыцця Абрагама сто семдзесят пяць гадоў.
 
І во, дні год жыцьця Абрагамавага, каторыя ён пражыў, сто семдзясят пяць год.

І, саслабеўшы, памёр Абрагам у добрай старасці і ў шаноўным узросце, і, насычаны жыццём, далучыўся ён да народа свайго.
 
І сканаў і памер Абрагам у старасьці добрай, стары а насычаны, і быў прылучаны да люду свайго.

І пахавалі яго Ізаак і Ізмаэль, сыны яго, у пячоры Махпэла, на полі Эфрона, сына Сэора Хетыта з мясцовасці Мамрэ,
 
І пахавалі яго Ісак а Ізмайла, сыны ягоныя, у пячоры Махпеле, на полю Ефронавым, сына Цогаровага, Гэціча, каторае перад Мамрэ.

якую Абрагам купіў у сыноў Хета. Там пахаваны сам ён і Сара, жонка яго.
 
На полю, каторае купіў Абрагам у сыноў Гэтавых. Там пахаваны Абрагам а Сорра, жонка ягоная.

А па смерці яго дабраславіў Бог Ізаака, сына яго, які жыў каля студні Лахай-Рой.
 
І было, па сьмерці Абрагама, і дабраславіў Бог Ісака, сына ягонага. Ісак жыў ля Бэер-Лахай-Роі.

А вось нашчадкі Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла яму егіпцянка Агар, паслугачка Сары.
 
Во роды Ізмайлы, сына Абрагамавага, каторага нарадзіла Абрагаму Гаґар Ягіпцянка, нявольніца Соррына;

Вось імёны сыноў Ізмаэля паводле іх імёнаў і радаводу: Набаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, і Адбээль, і Мабсам,
 
І во ймёны сыноў Ізмайлавых, подле ймёнаў іхных, згодна з родамі іхнымі: пяршак Ізмайлаў Наваёф а Кедар а Адбел а Міўсам

таксама Масма, і Дума, і Маса,
 
А Мішма а Дума а Маеса

Хадад і Тэма, Етур, і Нафіс, і Цэдма.
 
А Хадад а Фема, Етур Навіш а Кедма.

Вось сыны Ізмаэля, і такія імёны іх па мясцовасцях, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, — дванаццаць князёў іх плямёнаў.
 
Гэта яны сынове Ізмайлавы, і гэта ймёны іхныя ў сёлах іхных, у буданох іхных, двананцацёх князёў подле плямёнаў іхных.

І споўнілася гадоў жыцця Ізмаэля сто трыццаць сем гадоў; саслабеўшы, памёр ён і далучыўся да народа свайго.
 
А гэта гады жыцьця Ізмайлавага — сто трыццаць сем год; і сканаў ён, і памер, і быў прылучаны да люду свайго.

Яны ж пражывалі ад Хавілы аж да Сура, што насупраць Егіпта па дарозе ў Асірыю. І памёр ён у прысутнасці ўсіх братоў сваіх.
 
Яны жылі ад Гавілы да Сура, што перад відам Ягіпту, як прыходзіць да Асыры. Перад відам усіх братоў ягоных выпала дзель ягоная.

Гэта радавод Ізаака, сына Абрагама: Абрагам быў бацькам Ізаака.
 
Во роды Ісаковы, сына Абрагамавага. Абрагам нарадзіў Ісака.

Ізаак, калі меў сорак гадоў, узяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, арамейца з Падан-Арама, сястру Лабана арамейца.
 
І было Ісаку сорак год, як ён узяў Рэвеку, дачку Вафуеля Арамяніна з Падан-Араму, сястру Лавана Арамяніна, сабе за жонку.

І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і дазволіў, каб Рэбэка, жонка Ізаака, пачала.
 
І маліў Ісак СПАДАРА праз жонку сваю, бо яна была бясплодная; і даўся ўмаліць СПАДАР, і зачала Рэвека, жонка ягоная.

Калі немаўляты біліся ва ўлонні яе, яна падумала: «Калі так ёсць, то чаму ў мяне?» І пайшла папытацца Госпада.
 
І штырхаліся сыны ў нутру ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму я такая?» І пайшла папытацца ў СПАДАРА.

Ён прамовіў у адказ: «Два народы ў тваім улонні, і два народы раздзеляцца з нутра твайго: і адзін народ пераможа другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».
 
І сказаў СПАДАР ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два люды з нутра твайго разлучацца; і адзін люд стане дужшым за другі, і старшы будзе служыць малодшаму».

Надышоў ужо час родаў, і вось: ва ўлонні яе двайняты.
 
І споўніліся дні ейныя радзіць: і вось, блізьняты ў жываце ейным.

Той, які выйшаў першы, быў чырвоны і ўвесь, як плашч, валасаты; і далі яму імя Эзаў. Потым брат яго, выходзячы, трымаў Эзава за пятку, і таму далі яму імя Якуб.
 
І вышаў першы, чырвоны, увесь, як адзежа, касматы; і назвалі імя ягонае: Ісаў.

Ізаак меў шэсцьдзесят гадоў, калі дзеці нарадзіліся.
 
Потым вышаў брат ягоны, і рука ягоная дзяржала пяту Ісававу; і назвалі імя ягонае: Якаў. А Ісаку было шасьцьдзясят год, як яна нарадзіла іх.

А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым і чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках.
 
І вырасьлі хлопчыкі, і быў Ісаў умелы паляўнічы, чалавек поля; а Якаў чалавек рахманы, жывучы ў буданох.

Ізаак любіў Эзава, таму што любіў ласавацца яго дзічынай, а Рэбэка любіла Якуба.
 
І любіў Ісак Ісава, бо дзічына ягоная ў вуснах ягоных; а Рэвека любіла Якава.

Калі Якуб зварыў нейкую страву, падышоў з поля Эзаў надта змучаны
 
І зварыў Якаў страву; і Ісаў прышоў з поля, і ён замлелы.

і кажа: «Дай мне гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены». Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом.
 
І сказаў Ісаў Якаву: «Дай, калі ласка, імне паесьці з чырвонага, чырвонага гэтага, бо замлеў я». Затым далі яму мянушку Едом.

Якуб сказаў яму: «Прадай мне перш сваё першародства».
 
І сказаў Якаў: «Прадай ад сядні свае першародзтва імне».

Ён адказаў: «Калі я ўміраю, што мне паможа першародства?»
 
І сказаў Ісаў: «Вось, я на сьмяротнай дарозе, і на што гэта імне першародзтва?»

Якуб кажа: «Дык прысягні мне». І прысягнуў ён, і прадаў першародства.
 
І сказаў Якаў: «Прысягні імне цяпер». Ён прысягнуў яму і прадаў першародзтва свае Якаву.

І так, атрымаўшы хлеб і страву з сачэвіцы, пад’еў ён і напіўся, і ўстаў і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародства.
 
І Якаў даў Ісаву хлеба а стравы із сачыўкі; і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Ісаў першародзтвам.