Быццё 4 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Чалавек жа пазнаў жонку сваю Еву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Здабыла я чалавека з волі Госпада».
Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зацяжарыла, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Адзяржала я чалавека — СПАДАРА».
А потым нарадзіла брата яго Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам.
Адлі радзіла брата ягонага Авеля. І быў Авель пастух авец, а Каін рабіў зямлю.
І сталася па нейкім часе, што Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі,
Пад канец дзён Каін прынёс із пладоў зямлі дар СПАДАРУ.
а Абэль складаў таксама з першынцаў статка свайго і з іх тлустасці, дык Госпад зірнуў на Абэля і дар яго,
І Авель прынёс, таксама ён, зь першародных авец, з упашчаных іх. І прыхінуўся СПАДАР да Авеля і да дару ягонага;
а на Каіна і дар яго не зірнуў. Моцна ўзлаваўся Каін, і панурым сталася аблічча яго.
А да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. І вельмі зьнемарасьціўся Каін, і апусьціўся від ягоны.
І сказаў Госпад яму: «Чаго ты раззлаваўся і чаго пануры твар твой?
І сказаў СПАДАР Каіну: «Чаму ты зьнемарасьціўся і чаму апусьціў від свой?
Хіба, калі ты робіш добра, не падымеш твару? А калі блага, грэх будзе цікаваць у дзвярах, і да яго будзе пажада твая, а ты павінен панаваць над ім».
Калі чыніш добра, ці не падыймаеш віду? А калі ня чыніш добра, то ў дзьвярох грэх ляжыць, яго цягне да цябе, але ты пануй над ім».
І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: «Хадзем вонкі». А калі былі ў полі, Каін паўстаў супраць брата свайго Абэля і забіў яго.
І казаў Каін Авелю, брату свайму. І як яны былі на полю, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
Тады Госпад кажа Каіну: «Дзе брат твой Абэль?» Ён адказаў: «Не ведаю. Ці ж я вартаўнік брату свайму?»
І сказаў СПАДАР Каіну: «Ідзе Авель, брат твой?» Ён адказаў: «Ня ведаю, ціж я вартаўнік брата свайго?»
І сказаў яму: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з зямлі.
І сказаў: «Што ты зрабіў? голас крыві брата твайго гукае да Мяне ізь зямлі.
Дык цяпер будзь пракляты зямлёй, якая адкрыла вусны свае і прыняла кроў брата твайго з рукі тваёй!
Дык цяпер пракляты ты ад зямлі, каторая адчыніла рот свой прыняць кроў брата твайго з рукі твае.
Калі яе абрабляць будзеш, не дасць яна ўжо больш табе пладоў сваіх; выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»
Як ты будзеш рабіць зямлю, яна ня будзе далей даваць сілы свае табе; ты будзеш выгнаньнікам а валацугаю на зямлі».
І сказаў Каін Госпаду: «Большая кара мая, чым знесці мне.
І сказаў Каін СПАДАРУ: «Большая кара за бяспраўе, чымся можна вытрываць.
Вось, адкідаеш мяне сёння ад аблічча зямлі, і ад аблічча Твайго я схаваюся і буду выгнанцам і ўцекачом на зямлі; дык кожны, хто напаткае мяне, заб’е мяне».
Вось, выгнаў Ты мяне сядні зь віду зямлі, і ад віду Твайго схаваюся, і буду выгнаньнікам а валацугаю на зямлі; і будзе: кажны, хто знойдзе мяне, заб’ець мяне».
І сказаў яму Госпад: «Гэтак не будзе, але кожны, хто заб’е Каіна, — у сем разоў будзе пакараны!» І паклаў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.
І сказаў яму СПАДАР: «За гэта кажнаму, хто заб’ець Каіна, сем разоў памсьціцца». І пазначыў СПАДАР Каіна знакам, каб не забіў яго кажны, хто знойдзе яго.
Пасля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад краіны Эдэн.
І пайшоў Каін ад віду СПАДАРОВАГА; і асяліўся ў зямлі туляньня, на ўсход ад Едэну.
І вось пазнаў Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Гэноха. І пабудаваў горад і назваў яго ад імя сына свайго — Гэнох.
І пазнаў Каін жонку сваю, і яна зацяжарыла і нарадзіла Гэноха. І збудаваў ён места; і назваў места імям сына свайго: Гэнох.
Гэнох, у сваю чаргу, быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мавіяэля, а Мавіяэль быў бацькам Матусаэля, а Матусаэль быў бацькам Ламэха.
У Гэноха нарадзіўся Ірад; Ірад нарадзіў Мегіяеля; Мегіяель нарадзіў Мефусала; Мефусал нарадзіў Ламеха.
Ламэх узяў дзвюх жонак. Імя адной — Ада, а другой — Сэла.
І ўзяў сабе Ламех дзьве жонкі; імя аднае: Ада, і імя другое: Цыла.
Ада нарадзіла Явэла; гэта ён быў прабацькам тых, якія пражывалі ў палатках, і пастухоў.
І Ада нарадзіла Явала: ён быў ацец жывучых у буданох і меў стады.
І імя брата яго Ювал; гэта ад яго вядуцца ўсе, хто гралі на гуслях і на флейце.
І імя брата ягонага Ювал: ён быў ацец усіх дзяржачых гарпы а жалейкі.
Сэла таксама нарадзіла Тубалкаіна; ён быў рамеснікам і кавалём, які рабіў усе прылады з медзі і жалеза. Сястрой Тубалкаіна была Наэма.
І Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, каторы быў рамесьнік усялякае снадзі зь медзі а зялеза. І сястра Тувалкаінава Ноема.
Ламэх сказаў сваім жонкам: «Ада і Сэла, паслухайце, што я скажу! Жонкі Ламэха, зважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечанне сваё.
І сказаў Ламех жонкам сваім: «Ада а Цыла! слухайце голасу майго, жонкі Ламехавы! прыслухайцеся да мовы мае; бо я чалавека забіў сабе на рану і дзяцё сабе на шрам.
У сем разоў павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Ламэха — у семдзесят сем».
Калі сем разоў памсьціцца за Каіна, дык за Ламеха семдзясят і сем разоў».
І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог нашчадка іншага ў замену за Абэля, якога забіў Каін».
І пазнаў Адам яшчэ жонку сваю, і яна нарадзіла сына і назвала яго Сыф; бо «Бог прызначыў імне іншае патомства замест Авеля, бо забіў яго Каін».
У Сэта нарадзіўся сын, якога той назваў Энос. Тады пачалі прызываць імя Госпада.
У Сыфа таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя яго: Енос; тады пачалі гукаць у імя СПАДАРОВА.