Быццё 6 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ім дочкі,
І сталася, як людзі пачалі мнажыцца на зямлі, і дачкі радзіліся ў іх;
сыны Божыя, бачачы, што дочкі чалавечыя прыгожыя, бралі сабе за жонак з усіх тых, якія ім толькі падабаліся.
І пабачылі сынове Божыя дачкі людзкія, што яны харошыя, і ўзялі іх сабе за жонкі, з усіх, каторыя яны абралі.
І сказаў Бог: «Не вечна будзе прабываць Дух Мой у чалавеку, бо ён — цела; будзе дзён яго сто дваццаць гадоў».
І сказаў СПАДАР: «Ня будзе Дух Мой трываць у людзіне вечна ў ваблудах ейных; бо яна цела; і будуць дні ейныя сто дваццаць год».
У тыя часы на зямлі жылі велікалюды, а таксама пазней, калі сыны Божыя сталі ўваходзіць да дачок чалавечых і тыя ім нараджалі: былі гэта волаты, якія мелі славу ў тыя даўнія часы.
Нефілімы былі на зямлі тых дзён, і таксама просьле тога, як сынове Божыя ўходзілі да дачок людзкіх, і яны ім радзілі. Гэта дужасілы, спрадвеку галасьлівыя людзі.
Госпад, бачачы, што разбэшчанасць людзей на зямлі сталася вялікая і што ўсе думкі сэрца іх не накіроўваліся ні на што іншае, акрамя як на зло,
І пабачыў Бог, што множасьць ліха людзкога на зямлі, што ўсякага стварэньня думаньні сэрца ягонага адно празь ліха ўвесь дзень.
пашкадаваў, што стварыў чалавека на зямлі. І, крануты болем сэрца, вырашыў:
І жалеў СПАДАР, што ўчыніў людзіну на зямлі, і смуціўся ў сэрцу Сваім.
«Сатру чалавека, якога стварыў, з твару зямлі, ад чалавека да жывёлы, аж да паўзуна, аж да птушкі паднебнай. Шкада Мне, што стварыў іх».
І сказаў СПАДАР: «Выцераблю людзіну, каторую Я стварыў, зь віду зямлі, ад чалавека аж да статку, аж да паўзуна і аж да птушкі нябёснае; бо жалею, што Я іх учыніў».
Толькі Ной знайшоў ласку ў Госпада.
А Ной прыдбаў ласку ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
Вось такое паходжанне Ноя. Ной чалавек справядлівы і беззаганны быў у родзе сваім і хадзіў з Богам.
Вось род Ноеў: Ной быў чалавек справядлівы, беззаганны быў у сваіх пакаленьнях; з Богам хадзіў Ной.
І меў ён трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта.
Ной нарадзіў трох сыноў: Сэма, Хама а Яфэта.
І сапсаваная была зямля перад Богам, і перапоўнена ліхотаю.
Але зямля папсавалася перад Богам; і напоўнілася зямля ліхадзействам.
І калі ўбачыў Бог, што зямля сапсаваная, бо вось усякае цела скрывіла дарогу сваю на зямлі,
І бачыў Бог зямлю; і во, яна папсаваная, бо ўсякае цела папсавала дарогу сваю на зямлі.
сказаў Ён Ною: «Канец кожнага цела надышоў перада Мной, бо зямля поўная ліхоцця ад аблічча іх, і, вось жа, Я сатру іх з зямлі.
І сказаў Бог Ною: «Канец усякага цела прыходзе перад Імною; бо зямля напоўнілася ад іх ліхадзействамі; і вось, Я збураю іх ізь зямлі.
Зрабі сабе арку з драўніны гафер; зрабі ў арцы перагародкі і пацягні яе смалой звонку і знутры.
Зрабі сабе караб ізь дзерва ґофер, прадзелы зрабі ў караблю, і асмалі яго смалою ўнутры й знадворку.
Вось так маеш яе зрабіць: трыста локцяў даўжыня аркі, пяцьдзесят локцяў шырыня і трыццаць локцяў вышыня яе.
І гэтак зрабі яго: трыста локцяў даўжыня карабля, пяцьдзясят локцяў шырыня яго, а вышыня яго трыццаць локцяў.
Зрабі акно ў арцы і вышыню яго на локаць падымеш. Уваход у арку зробіш збоку; зрабі ў ёй паверхі: ніжні, сярэдні і вышэйшы.
Адтуліну зрабі ў караблю, і ў локаць сконч яе ўгары, і дзьверы карабля зрабі з боку яго; сподняе, другое й трэйцяе пятры зрабі ў ім.
Вось, Я навяду на зямлю патоп, каб знішчыць кожнае цела, у якім ёсць дух жыцця пад небам; усё, што існуе на зямлі, — прападзе.
І вось, Я навяду патопу водную на зямлю, выгубіць усялякае цела, у каторым ё дух жыцьця, пад нябёсамі; усе, што ё на зямлі, сканае.
І ўсталюю Мой запавет з табою, дык увайдзі ў арку ты і сыны твае, жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табой;
І ўстанаўлю змову Сваю з табою, і ўвыйдзеш у караб ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою.
і з усіх жывуноў па пары кожнага цела ўвядзі ў арку, каб жылі з табою, мужчынскага роду і жаночага, каб ацалелі разам з табою ад пагібелі.
А з усяе жывёлы ўсякага цела па двое з кажнае ўвядзеш у караб, каб іх жывых захаваць ізь сабою: самец і саміца будуць.
З птушак па родзе іх, і з жывёлы ў родзе яе, і з усіх паўзуноў зямлі паводле роду іх: з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывымі.
З птушкі подле роду ейнага, і з статку подле роду ягонага, і з усіх паўзуноў зямлі подле роду іхнага, з усіх па пары ўвыйдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
А ты вазьмі з сабой усякай ежы, якою можна наесціся, і збяры да сябе; і будзе яна для цябе, як і для іх, на спажыванне».
Ты ж вазьмі сабе з усялякае еміны, якою жывяцца, і зьбяры да сябе, і будзе яна табе й ім ежаю».
Дык Ной зрабіў усё, што загадаў яму Госпад; так і зрабіў.
І зрабіў Ной; подле ўсёга, як расказаў Бог яму, так ён і зрабіў.