Быццё 39 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А Язэп быў завезены ў Егіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, егіпцянін, з рук ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.
 
А Язэп быў заведзены ў Эгіпет, і купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якія завялі яго туды.

І Госпад быў з ім, і ён быў чалавекам, якому добра вялося ва ўсім, і ён жыў у доме гаспадара свайго.
 
І быў ГОСПАД з Язэпам, і стаўся ён чалавекам, які мае посьпех, і быў у доме гаспадара свайго, Эгіпцяніна.

І той добра разумеў, што Госпад з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, рука Яго ім кіравала.
 
І бачыў гаспадар ягоны, што ГОСПАД з ім, і ўсяму, што ён робіць, ГОСПАД дае посьпех у руках ягоных.

І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. І сталася, пасля таго, як той паставіў яго над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму,
 
І знайшоў Язэп ласку ў вачах ягоных, і служыў яму, і ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў у рукі ягоныя.

дабраславіў Госпад дом егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенне Госпада на ўсёй маёмасці яго: як у доме, так і на полі.
 
І сталася, што ад таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, ГОСПАД дабраславіў дом Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне ГОСПАДА на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.

І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і не ведаў з ім ніякага іншага клопату, акрамя як пра хлеб, якім пасіляўся. А быў Язэп прыгожы тварам і прывабны знешне.
 
І аддаў ён усё, што меў, у рукі Язэпа; і ня рупіўся ні пра што, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп меў зграбную постаць і прывабны выгляд.

Дык звярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа: «Спі са мною».
 
І сталася пасьля гэтых падзеяў, і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж са мною».

Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа, гаспадар мой усё мне даручыў і не рупіцца ні пра што ў доме сваім,
 
Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне ні пра што ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у руку маю.

і не можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка яго. Дык як я магу дапусціцца гэтага вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?»
 
Няма нікога, важнейшага за мяне, у доме гэтым; і ён не забараняе мне нічога, акрамя толькі цябе, бо ты — жонка ягоная. І як я магу ўчыніць такое вялікае злачынства і зграшыць супраць Бога».

І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужаложства.
 
І сталася, што яна зьвярталася да Язэпа штодня, а ён ня слухаў яе, каб легчы каля яе, і быць з ёю.

Здарылася аднаго дня, што ўвайшоў Язэп у дом і займаўся сваёй справай без сведкаў,
 
І сталася аднаго дня, і ён увайшоў у дом рабіць працу сваю, і нікога з людзей дому не было ў доме.

а яна, схапіўшы яго за полы адзення, сказала: «Паспі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў вонкі.
 
І яна схапіла яго за адзеньне ягонае, кажучы: «Ляж са мною». Але ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай, і ўцёк, і выйшаў навонкі.

Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк вонкі,
 
І сталася, калі яна ўбачыла, што ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай і выбег навонкі,

паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось, прывёў ён мужчыну гебрая, каб ён здзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб быць са мною. Калі я закрычала
 
яна паклікала людзей дому свайго, і сказала ім, кажучы: «Гляньце, прывялі да нас Гебрая, каб ён сваволіў у нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною, і я закрычала голасам вялікім.

і пачуў ён голас мой, пакінуў ён плашч, які трымала, а сам уцёк вонкі».
 
І сталася, калі ён пачуў, што я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне, і ўцёк, і выйшаў навонкі».

І затрыманы плашч паказала мужу, які вярнуўся дамоў,
 
І пакінула адзеньне ягонае ў сябе да прыходу гаспадара ягонага да дому свайго.

і сказала падобныя гэтым словы: «Увайшоў да мяне паслугач гебрай, якога ты прыняў, каб ён насмяяўся з мяне;
 
І гаварыла з ім гэткімі словамі, кажучы: «Прыйшоў да мяне гэты нявольнік Гебрай, якога ты прывёў да нас, каб сваволіць са мною.

а калі пачуў крык мой, пакінуў плашч, які трымала, і ўцёк вонкі».
 
І сталася, калі я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне і ўцёк навонкі».

Гаспадар, выслухаўшы гэтыя словы жонкі, моцна раззлаваўся
 
І сталася, што пачуў гаспадар ягоны словы жонкі сваёй, якія яна гаварыла яму, кажучы: «Гэткую рэч учыніў мне нявольнік твой!», і ўзгарэўся гнеў ягоны.

і пасадзіў Язэпа ў вязніцу, дзе знаходзіліся вязні фараона. І там яго зняволілі.
 
І ўзяў гаспадар Язэпаў яго, і кінуў яго ў вязьніцу, месца, дзе былі ўвязьнены вязьні валадара. І быў ён там у вязьніцы.

А Госпад быў з Язэпам і, пашкадаваўшы яго, даў яму ласку ў вачах начальніка вязніцы.
 
І быў ГОСПАД з Язэпам, і зьявіў да яго міласэрнасьць, і даў ласку яму ў вачах начальніка вязьніцы.

І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязняў, якіх трымалі пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць — ён рабіў.
 
І аддаў начальнік вязьніцы ў руку Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў вязьніцы, і ўсё, што там рабілі, ён рабіў.

А начальнік вязніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў з ім і кіраваў усімі яго справамі.
 
Не пільнаваў начальнік вязьніцы нічога, што было ў руках ягоных, бо ГОСПАД быў з ім, і ў тым, што ён рабіў, ГОСПАД даваў посьпех.