Быццё 13 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І выйшаў Абрам з Егіпта, сам і жонка яго, і ўсё, што ён меў, і Лот разам з ім, у Нагэб.
 

І стаўся Абрам вельмі багатым жывёлаю, срэбрам і золатам.
 

І вандраваў ён ад прыпынку да прыпынку з Нагэба ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,
 

на месцы ахвярніка, які ўчыніў раней і прызваў там імя Госпада.
 

Але і ў Лота, які качаваў разам з Абрамам, былі статкі авечак, і буйная жывёла, і палаткі,
 

і не магла ўмясціць іх зямля, каб жыць сумесна, бо маёмасць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.
 

Таму ўзнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. У той жа час хананеі і феразеі пражывалі ў той зямлі.
 

Дык сказаў Абрам Лоту: «Прашу, каб не было сваркі між мной і табой і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы!
 

Хіба не ўся зямля перад табой? Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі ты выбераш правы бок, то я падамся ўлева».
 

Падняўшы тады вочы, Лот убачыў усю ваколіцу каля Ярдана, якая цалкам арашалася, пакуль не знішчыў Госпад Садома і Гаморы, як рай Госпада і як Егіпет, аж да Сэгора.
 

І выбраў сабе Лот усю мясцовасць каля Ярдана, і адышоў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго.
 

І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лот жа апынуўся ў гарадах, што былі каля Ярдана, і рассунуў палаткі аж да Садома.
 

А садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.
 

І сказаў Госпад Абраму пасля таго, як аддзяліўся Лот ад яго: «Падымі вочы свае і паглядзі з месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад:
 

усю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і нашчадкам тваім навечна.
 

І зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямлі. Калі хто з людзей можа палічыць пясок зямлі, тады і тваіх нашчадкаў зможа палічыць.
 

Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і ў шырыню яе, бо яе Я дам табе».
 

Дык зняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, якая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.