Быццё 35 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І сказаў Бог Якаву: «Устань, узыйдзі да Бэт-Эль, і жыві там, і зрабі там аброчнік Магучаму, што зьявіўся табе, як ты ўцякаў ад віду Ісава, брата свайго».
 

І сказаў Якаў дому свайму і ўсім, што былі зь ім. «Аддальце багі чужыя, што сярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзецьці вашыя;
 

І ўстаньма й ўзыйдзіма да Бэт-Элю, і зраблю я там аброчнік Магучаму, Каторы адказаў імне ў дзень гароты мае і быў з імною ў дарозе, каторай я йшоў».
 

І аддалі Якаву ўсі багі чужыя, каторыя былі ў руках іхных, і завушніцы, што былі ў вушох у іх; і схаваў іх Якаў пад дубам, каторы блізка Сыхему.
 

І выправіліся яны. І быў жах Божы па местах, што ў ваколіцах іхных, і ня гналіся яны за сынамі Якававымі.
 

І прышоў Якаў да Луз, што ў зямлі Канаанскай, ён Бэт-Эль, сам і ўвесь люд, што быў зь ім,
 

І збудаваў там аброчнік, і назваў гэтае месца Эль-Бэт-Эль; бо там зьявіўся яму Бог, як ён уцякаў ад віду брата свайго.
 

І памерла Дэвора, нянька Рэвечына, і пахавана ніжэй Бэт-Элю, пад дубам, і назваў імя ягонае: Дуб плачу.
 

І зьявіўся Бог Якаву ізноў па прыходзе яго з Падан-Араму, і дабраславіў яго.
 

І сказаў яму Бог: «Імя твае Якаў. Ня будзе звацца імя твае ўжо Якаў, але толькі Ізраель будзе імя твае». І назваў яго імя: Ізраель.
 

І сказаў яму Бог: «Я МАГУЧЫ Ўсемагучы; пладзіся а множся; народ а збор народаў будзе зь цябе, і каралёве з крыжа твайго выйдуць.
 

Зямлю, каторую я даў Абрагаму а Ісаку, Я дам табе, і насеньню твайму просьле цябе дам зямлю гэтую».
 

І ўзышоў ад яго Бог у месцу, на каторым гутарыў зь ім.
 

І пастанавіў Якаў помнік на месцу, на каторым гутарыў ізь ім, помнік каменны; і ўзьліў на яго ўзьліваньне, і ўзьліў на яго алівы.
 

І назваў Якаў імя месца, на каторым Бог гукаў ізь ім: Бэт-Эль.
 

І падарожжаваў з Бэт-Элю. І была яшчэ кіўра зямлі, каб прысьці да Ефрафы; і радзіла Рахіль, і труднілася ў раджэньню.
 

І было, як яна труднілася родзячы, і сказала ёй бабка: «Ня бойся, бо таксама й гэта табе сын».
 

І як выходзіла зь яе душа, бо яна памірала, то назвала яго імя: Бэн-Оні. Але ацец ягоны назваў яго: Венямін.
 

І памерла Рахіль, і пахавана ля дарогі да Ефрафы (гэта Бэтлеем).
 

І пастанавіў Якаў помнік над магілай ейнай. Гэта помнік магільны Рахілін датэтуль.
 

І падарожжаваў Ізраель, і пастанавіў будан свой далей за вежаю Эдэр.
 

І было, як прабываў Ізраель у зямлі тэй, і пайшоў Рувін, і ляжаў із Валаю, мамошкаю айца свайго. І пачуў Ізраель. І было сыноў у Якава двананцацёх.
 

Пяршак Якаваў Рувін а Сымон а Леў а Юда а Ісасхар а Завулон.
 

Сыны Рахіліны: Язэп а Венямін.
 

І сыны Валіны, нявольніцы Рахілінае: Дан а Нефалім.
 

І сыны Зэлфіны, нявольніцы Ліінае: Ґад а Ашэр. Гэта сынове Якававы, што радзіліся яму ў Падан-Араме.
 

І прышоў Якаў да Ісака, айца свайго, да Мамрэ, да Кіраф-Арбы, значыцца да Гэўрону, ідзе падарожжаваў Абрагам а Ісак.
 

І было дзён Ісаковых сто асьмідзясят год.
 

І сканаў Ісак, і памер, і быў прылучаны да народу свайго, стары а насычаны днямі; і пахавалі яго Ісаў а Якаў, сыны ягоныя.