Быццё 49 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І гукнуў Якаў сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я азнаймлю вам, што прылучыцца з вамі ў вапошнія дні.
 

Зыйдзіцеся й паслухайце, сынове Якававы, паслухайце Ізраеля, айца свайго.
 

Рувіне, пяршак мой! ты мацніня мая і першая сіла мая, верх годнасьці й верх магутнасьці.
 

Ты бушаваў, як вада; ня будзеш першынстваваць; бо ты ўзыйшоў на ложак айца свайго; тады ты збудзеніў пасьцелю маю, узышоўшы.
 

Сымоне а Леве браты, снадзівы глабані іхная зброя.
 

У тайны іхныя няхай ня ўходзе душа мая, і да збору іхнага хай ня прылучыцца слава мая; бо ў гневе сваім яны забілі мужа і самадумам вырвалі жылы ў вала.
 

Пракляты гнеў іхны, бо моцны, і злосьць іхная, бо закалянелая; падзялю іх у Якаву і расьцярушу ў Ізраелю.
 

Юда! цябе хваліць будуць браты твае. Рука твая на патыліцы непрыяцеляў тваіх; паклоняцца табе сынове айца твайго.
 

Левянё Юда, ад разарванага, сыну мой, ты ўзышоў. Сьхінуўся, ляжаў, як леў і як лявіца: хто пабудзе яго?
 

Ня будзе адняты ськіпетра ад Юды і правадаўца спамеж ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Шыло, і да Яго будзе збор людаў.
 

Ён прывяжа да віннога сьцябла асьлянё свае і да сьцябла выборнага віна асьлянётка асьліцы свае. Ён мые ў віне ўборы свае і ў крыві віна адзецьце свае.
 

Чырвоншыя вочы ягоныя за віно і бельшыя зубы за малако.
 

Завулон на беразе морскім будзе жыць і ля прыстані карабельнай, і граніцы ягоныя да Сыдону.
 

Іссасхар асёл дужы, што ляжыць памеж стадаў.
 

І абачыў супакой, што добры, і зямля, што прыемная: і нахінуў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою дані.
 

Дан будзе судзіць народ свой, як адно з плямёнаў Ізраелевых.
 

Будзе Дан вужом на дарозе, гадам на сьцюгавіне, жыгалячым у капыты каня. І зваліцца коньнік ягоны назад.
 

На спасеньне Твае спадзяюся, СПАДАРУ!
 

Гад — аддзел будзе перамагаць яго, але ён пераможа.
 

Праз Ашэра: тучны хлеб ягоны, і ён будзе даваць каралеўскія ежы.
 

Неффалім — лань выпушчаная, што даець харошыя словы.
 

Пагон плодны Язэп, пагон плодны над жаралом, галіны ягоныя прасьцягаюцца над сьцяною.
 

Немарасьцілі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзілі яго стралцы;
 

І застаўся ў моцы лук ягоны, і падужэлі плячукі рук ягоных із рук Магучага Якававага. Адтуль Пастыр — Камень Ізраеляў,
 

Ад Бога айца твайго, і Ён паможа табе, і ад Усемагучага, і Ён дабраславе цябе дабраславенствамі неба згары і дабраславенствамі бяздоньня, што цікуе далавах, дабраславенствамі пелькаў а дзетніцы.
 

Дабраславенствы айца твайго пераходзяць дабраславенствы маіх прашчураў, аж да найвышшых вярхоў узгоркаў вечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпавай і на цемеві абранага памеж братоў ятоных.
 

Венямін дзярлівы воўк, нараніцы будзе жэрці здабытак і ўвечары будзе дзяліць глабань».
 

Во ўсіх гэтых пакаленьняў Ізраелявых двананцаць, і гэта гукаў ім айцец іхны; і дабраславіў іх, і кажнага подле дабраславенства ягонага дабраславіў іх.
 

І расказаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду прылучаны да люду свайго; пахавайце мяне ля бацькоў маіх, у пячоры, што на полю Ефрона Гэціча,
 

У пячоры, што на полю Махпела, каторая перад Мамрэ ў зямлі Канаанскай, каторую купіў Абрагам, поле Ефрона Гэціча, на собскасьць пахову.
 

Там пахавалі Абрагама а Сорру, жонку ягоную; там пахавалі Ісака а Рэвеку, жонку ягоную; і там пахаваў я Лію.
 

Купля гэтага поля а пячоры, каторая на ім, у сыноў Гэтавых».
 

І скончыў Якаў расказаваць сыном сваім, і згарнуў ногі свае ў ложак, і сканаў, і прылучаны быў да народу свайго.