Быццё 21 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў.
І зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог.
І назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак.
І абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог.
І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны.
І сказала Сара: «Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне».
І сказала: «Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьмі сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай».
І вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей.
І ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца,
і сказала Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтай з сынам маім Ісаакам».
І было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага.
І сказаў Бог Абрагаму: «Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа насеньне тваё.
Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё».
І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва.
І скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў,
і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку, бо яна сказала: «Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці». І сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала.
І пачуў Бог голас хлопчыка. І паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: «Што з табою, Агар? Ня бойся, бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць.
Устань, падымі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім».
І адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу.
І быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку.
І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкай.
І сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: «Бог з табою ў-ва ўсім, што ты робіш.
І цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш».
І сказаў Абрагам: «Прысягаю».
І дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха.
І сказаў Абімэлех: «Я ня ведаю, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня».
І ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет.
І паставіў Абрагам сем ягнятаў з чарады асобна.
І сказаў Абімэлех Абрагаму: «Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?»
І сказаў [Абрагам]: «Бо сем гэтых ягнятаў возьмеш з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню».
Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі.
І заключылі запавет у Бээр-Шэве. І ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую.
І пасадзіў [Абрагам] гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага.
І жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён.