Да Ціта 3 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся і слухаліся начальнікаў і ўлады, былі падрыхтаваныя на ўсякую добрую справу,
Напамінай ім, каб яны падпарадкоўваліся начальствам [і] ўладам; былі паслухмяныя, гатовыя да кожнага добрага ўчынку,
на нікога ня блюзьнілі, не былі ваяўнічымі, былі спагаднымі і зьяўлялі ўсякую ціхасьць адносна ўсіх людзей.
нікога не зневажалі, былі несварлівыя; добразычлівыя, выяўляючы ўсялякую лагоднасць да ўсіх людзей.
Бо і мы былі некалі бяздумнымі, непакорнымі, падманутымі, служачы пажаданьням і розным асалодам, жывучы ў ліхоце і зайздрасьці, былі паскуднымі, ненавідзячы адзін аднаго.
Бо і мы некалі былі неразумныя, непаслухмяныя, уведзеныя ў зман, былі рабамі розных пажадлівасцей і асалод; жылі ў злосці і зайздрасці, былі агідныя, ненавідзелі адзін аднаго.
А калі зьявілася ласкавасьць і любоў да людзей Збаўцы нашага, Бога,
Але калі з’явілася дабрыня і чалавекалюбства нашага Збаўцы Бога, —
Ён збавіў нас ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводле літасьці Сваёй, праз лазьню адраджэньня і абнаўленьня Духам Сьвятым,
то не за ўчынкі праведнасці, якія мы зрабілі, але паводле Сваёй міласэрнасці Ён уратаваў нас — праз абмыванне адраджэння і абнаўлення Святога Духа,
Якога Ён выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
Якога Ён багата выліў на нас праз Ісуса Хрыста, нашага Збаўцы,
каб, апраўдаўшыся ласкай Ягонай, мы сталіся праз надзею спадкаемцамі жыцьця вечнага.
каб мы, апраўданыя Яго ласкаю, сталі спадкаемцамі паводле надзеі вечнага жыцця.
Вернае слова; і я хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, былі старанныя ў выкананьні добрых справаў: гэта добра і людзям карысна.
Слушнае гэтае слова, і я хачу, каб ты настойліва сцвярджаў гэта, каб тыя, хто ўвераваў у Бога, рупіліся займацца добрымі ўчынкамі; гэта добра і карысна людзям.
А дурных спрэчак, і радаводаў, і сварак, і звадак адносна Закону пазьбягай, бо яны некарысныя і марныя.
А неразумных спрэчак, радаводаў, сварак і спрэчак аб законе пазбягай; бо яны бескарысныя і марныя.
Чалавека герэтыка пасьля першага і другога напамінаньня пакінь,
Ад ератыка пасля аднаго і другога павучання ўхіляйся,
ведаючы, што гэтакі разбэсьціўся і грашыць, асудзіўшы самога сябе.
ведаючы, што такі чалавек разбэсціўся і грашыць, асудзіўшы сябе самога.
Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, намагайся прыйсьці да мяне ў Нікапаль, бо я пастанавіў перазімаваць там.
Калі прышлю да цябе Артэмаса ці Тыхіка, пастарайся прыйсці да мяне ў Нікапаль; бо там я вырашыў перазімаваць.
Зэна законьніка і Апалёса старанна правядзі, каб у іх не было ні ў чым недахопу.
Дзіну законніка, і Апалоса парупся выправіць у дарогу так, каб у іх ні ў чым не было нястачы.
Няхай і нашыя вучацца выконваць добрыя справы ў пільных патрэбах, каб не былі бясплодныя.
І няхай нашы таксама вучацца апярэджваць у добрых учынках дзеля неабходных патрэб, каб не быць ім бясплоднымі.
Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што сябруюць з намі ў веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.
Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай усіх, хто любіць нас у веры. Ласка Божая няхай будзе з усімі вамі. [Амін].