Лікі 28 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 

«Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Няхай пільнуюць, каб у свой час складаць дары ахвярныя Мне і хлеб Мой, ахвяру агнявую на мілы пах Мне”.
 

І скажаш ім: “Гэта ахвяра агнявая, якую вы павінны складаць ГОСПАДУ: два аднагадовыя ягняты штодзень у ахвяру цэласпаленьня заўсёды.
 

Адно ягня складзіцё [ў ахвяру] раніцай, а другое складзіцё ўвечары,
 

і дзясятую [частку] эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай [часткай] гіну найчысьцейшага алею як ахвяру хлебную.
 

Гэта цэласпаленьне заўсёднае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.
 

І як ахвяру вадкую чацьвёртую частку гіну [віна] на кожнае ягня. На сьвятым месцы вылівайце ахвяру вадкую, сікеру для ГОСПАДА.
 

А другое ягня складзіцё [ў ахвяру] ўвечары, і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую, як раніцаю. Гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
 

А ў дзень суботы [ахвяруеце] двух аднагадовых ягнятаў без заганы і дзьве дзясятыя [эфы] мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую.
 

Гэта суботняя ахвяра цэласпаленьня на кожную суботу, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і ахвяры вадкай.
 

А ў кожны першы [дзень] вашага месяца складайце ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.
 

На кожнага бычка палажыце тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і на кожнага барана — дзьве дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную,
 

і на кожнае ягня як ахвяру хлебную палажыце дзясятую [частку эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.
 

І ахвяра вадкая: палова гіну віна на бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягня. Гэта цэласпаленьне ў кожны першы дзень месяца на [ўсе] месяцы году.
 

І адзін казёл будзе складзены ГОСПАДУ ў ахвяру за грэх, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і належная ахвяра вадкая.
 

А ў першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца — Пасха ГОСПАДА.
 

У пятнаццаты дзень гэтага месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці [толькі] праснакі.
 

У першы дзень будзе сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы ў той дзень не рабіце.
 

І складзіце ахвяру агнявую, цэласпаленьне ГОСПАДУ: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы;
 

і ахвяру хлебную з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзясятыя [эфы] на бычка, дзьве дзясятыя на барана,
 

і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят,
 

і аднаго казла ў ахвяру за грэх, каб перапрасіць за вас.
 

Апрача ранішняга цэласпаленьня, якое цэласпаленьне заўсёднае, складайце гэтыя [ахвяры].
 

Такія [ахвяры] будзеце складаць штодзень сем дзён, як спажыву, ахвяру агнявую, мілы пах ГОСПАДУ. Апрача цэласпаленьня заўсёднага і ахвяры вадкай будуць складацца [гэтыя ахвяры].
 

А ў дзень сёмы будзе для вас сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы не рабіце.
 

У дзень пяршынаў, калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру з новага збожжа ў [сьвята] Тыдняў, будзе сьвяты сход, і ніякай працы, ніякай работы не рабіце.
 

І складзіце цэласпаленьне на мілы пах ГОСПАДУ: двух бычкоў, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят,
 

і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя [эфы] на аднаго бычка, дзьве дзясятыя на барана
 

і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят.
 

І аднаго казла, каб перапрасіць за вас.
 

Апрача цэласпаленьня заўсёднага, і ахвяры хлебнай, і ахвяры вадкай, складайце [гэта ў ахвяру]; ахвяры маюць быць без заганы.