Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Не судзіце, каб не былі суджаныя.
 

Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.
 

Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?
 

Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно?
 

Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго.
 

Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас.
 

Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.
 

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
 

Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень?
 

І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?
 

Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.
 

Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.
 

Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх,
 

бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх.
 

Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
 

Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі?
 

Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя.
 

Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя.
 

Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
 

Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.
 

Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе.
 

Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?”
 

І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”.
 

Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале.
 

І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале.
 

А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску.
 

І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».
 

І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага,
 

бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.