Амоса 5 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Паслухайце слова гэтае, якое я ўзьнімаю над вамі, галашэньне пра дом Ізраіля:
Слухайце гэтае слова, у якім я падыму плач па вас, дом Ізраілеў.
“Упала, больш ня ўстане дзяўчына Ізраіля. Яна кінутая на зямлю сваю, няма каму падняць яе”.
Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе.
Бо гэтак кажа Госпад ГОСПАД: “У горадзе, з якога выходзіла тысяча, застанецца сто, а з якога выходзіла сто, застанецца дзесяць [чалавек] з дому Ізраіля”.
бо так кажа Гасподзь Бог: горад, які выступаў з тысячаю, застанецца толькі з сотняю, і які выступіў з сотняю, застанецца зь дзясяткам каля дома Ізраілевага.
Бо гэтак кажа ГОСПАД дому Ізраіля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць.
Бо так кажа Гасподзь Бог дому Ізраілеваму: знайдзеце Мяне — і будзеце жывыя.
І не шукайце ў Бэтэлі, і не зыходзьце ў Гільгал, і не пераходзьце ў Бээр-Шэву, бо Гільгал будзе палонены палонам, а Бэтэль станецца марнотаю”.
Ня шукайце Вэтыля і не хадзеце ў Галгал і ў Вірсавію не вандруйце, бо Галгал увесь пойдзе ў палон і Вэтыль абернецца ў нішто.
Шукайце ГОСПАДА, і будзеце жыць, каб Ён не ўвайшоў як агонь у дом Язэпа і ня зжэр [усё], і ня будзе каму тушыць [яго] ў Бэтэлі.
Знайдзеце Госпада — і будзеце жывыя, каб Ён не памкнуўся на дом Язэпаў як агонь, які зжарэ яго, і ня будзе каму патушыць яго ў Вэтылі.
Вы ператвараеце суд у палын, і праведнасьць на зямлю кідаеце.
О вы, якія суд ператвараеце ў атруту і праўду кідаеце на зямлю!
А Ён — Той, Які ўчыніў Стажар’е і Касцоў, і цень сьмерці ператварае ў раніцу, і дзень робіць цёмным як ноч. Ён кліча воды мора і вылівае іх на аблічча зямлі; ГОСПАД — імя Ягонае.
Хто стварыў сямізор’е і Арыён і ператварае сьмяротны цень у ясную раніцу, а дзень робіць цёмным як ноч, заклікае воды марскія і разьлівае іх па ўлоньні зямлі? Гасподзь — імя Яму!
Ён прысьпешвае загубу супраць дужага, і прыходзіць загуба на замак.
Ён мацуе спусташальніка супроць дужага, і спусташальнік уваходзіць у крэпасьць.
Яны ненавідзяць таго, хто дакарае ў браме [гораду], і брыдзяцца тым, хто гаворыць беззаганна.
А яны ненавідзяць выкрывальніка ў браме і грэбуюць тым, хто кажа праўду.
Дзеля гэтага за тое, што вы топчаце бедных і забіраеце ў іх стравы са збожжа, [хоць] вы пабудавалі дамы з чэсанага камяня, але ня будзеце жыць у іх, вы пасадзілі прывабныя вінаграднікі, але ня будзеце піць віна з іх.
Дык вось, за тое, што вы топчаце беднага і бераце зь яго дарункі хлебам, вы пабудуеце дамы з часанага каменьня, але жыць ня будзеце ў іх; разьведзяце цудоўныя вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмеце.
Бо Я ведаю шматлікія правіны вашыя і цяжкія грахі вашыя; вы прыгнятаеце праведніка, берацё хабары і [справу] ўбогіх у браме выкрыўляеце.
Бо Я ведаю, якія шматлікія злачынствы вашыя і якія цяжкія грахі вашыя: вы — ворагі справядлівага, бераце хабар і перакручваеце ў судзе справы бедных.
Дзеля гэтага разумны ў гэты час маўчыць, бо гэта час ліхі.
Таму разумны маўчыць гэтым часам, бо ліхі гэты час.
Шукайце дабра, а ня ліха, каб вы маглі жыць; і гэтак ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе з вамі, як вы кажаце.
Шукайце дабра, а ня ліха, каб засталіся вы жывыя, — і тады Гасподзь Бог Саваоф будзе з вамі, як вы кажаце.
Ненавідзьце ліха і любіце дабро, і пастаўце ў браме суд. Можа, ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе ласкавы да рэшты Язэпа.
Зьненавідзьце зло і палюбеце дабро і аднавеце каля брамы правасудзьдзе; магчыма, Гасподзь Бог Саваоф пашкадуе рэшту Язэпавую.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Госпад: “На ўсіх плошчах лямант, і на ўсіх вуліцах будуць казаць: “Аёй! Аёй!”, і будуць клікаць земляроба на жалобу і тых, якія ведаюць галашэньні, каб галасілі!
Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Усяўладны: на ўсіх вуліцах будзе плач, і на ўсіх дарогах будуць усклікаць: жаль, жаль! і заклічуць земляробы бедаваць і спанатраных у жалобных песьнях — плакаць,
І ў-ва ўсіх вінаградніках будзе лямант, бо Я прайду сярод цябе, кажа ГОСПАД”.
і ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо Я прайду сярод Цябе, кажа Гасподзь.
Гора вам, якія жадаюць дня ГОСПАДА! Навошта вам гэты дзень ГОСПАДА? Ён — цемра, а не сьвятло.
Гора тым, якія жадаюць дня Гасподняга! Навошта вам гэты дзень Гасподні? ён — цемра, а не сьвятло, —
[Гэта так], як чалавек уцячэ ад ільва, і сустрэне мядзьведзя; або прыйшоў у дом, і абапёрся рукою сваёю аб сьцяну, і яго ўкусіла зьмяя.
тое самае, як калі б хто ўцёк ад ільва — і трапіўся б яму насустрач мядзьведзь, альбо калі б прыйшоў дахаты і абаперся рукою аб сьцяну — і зьмяя ўкусіла б яго.
Хіба ня ёсьць дзень ГОСПАДА цемрай, а не сьвятлом? Ён — цемрадзь, і няма бляску [сьвятла] ў ім.
Хіба дзень Гасподні ня морак, а сьвятло? ён — цемра, і няма ў ім зьзяньня.
Я ненавіджу, Я грэбую сьвятамі і не адчуваю паху прыемнага на ўрачыстых сходах вашых.
Ненавіджу, адкідаю сьвяты вашыя і ня нюхаю ахвяр у час урачыстых сходаў вашых.
Бо калі вы складаеце мне цэласпаленьні і ахвяры хлебныя вашыя, Мне не даспадобы яны. І на ахвяры мірныя вашыя з кормнай жывёлы Я не пагляджу.
Калі прынесяце Мне цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, Я ня прыму іх і не пагляджу на падзякавальную ахвяру з тлустых цяльцоў вашых.
Прыбяры ад Мяне голас сьпеваў тваіх, і гуку гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.
Адвядзі ад Мяне шум песьняў тваіх, бо гукаў гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.
Але няхай суд цячэ як вада, і праведнасьць — як магутны ручай.
Хай як вада цячэ суд, і праўда — як моцны паток!
Ці прыносілі вы Мне ахвяры [крывавыя] і ахвяры хлебныя ў пустыні сорак гадоў, доме Ізраіля?
Ці прыносілі вы Мне ахвяры і хлебныя дарункі ў пустыні ў ходзе сарака гадоў, дом Ізраілеў?
Але вы насілі намёт Малоха вашага і Кіюна, абразы вашыя, зорку багоў вашых, якую вы сабе рабілі.
Вы насілі скінію Малохавую і зоркі бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы сабе зрабілі.
За гэта Я завяду вас у палон далёка за Дамаск, кажа ГОСПАД. Бог Магуцьцяў — імя Ягонае.
За тое Я перасялю вас за Дамаск, кажа Гасподзь; Бог Саваоф — імя Яму!