Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Амоса 5 Амоса 5 разьдзел

1 Паслухайце слова гэтае, якое я ўзьнімаю над вамі, галашэньне пра дом Ізраіля:
2 “Упала, больш ня ўстане дзяўчына Ізраіля. Яна кінутая на зямлю сваю, няма каму падняць яе”.
3 Бо гэтак кажа Госпад ГОСПАД: “У горадзе, з якога выходзіла тысяча, застанецца сто, а з якога выходзіла сто, застанецца дзесяць [чалавек] з дому Ізраіля”.
4 Бо гэтак кажа ГОСПАД дому Ізраіля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць.
5 І не шукайце ў Бэтэлі, і не зыходзьце ў Гільгал, і не пераходзьце ў Бээр-Шэву, бо Гільгал будзе палонены палонам, а Бэтэль станецца марнотаю”.
6 Шукайце ГОСПАДА, і будзеце жыць, каб Ён не ўвайшоў як агонь у дом Язэпа і ня зжэр [усё], і ня будзе каму тушыць [яго] ў Бэтэлі.
7 Вы ператвараеце суд у палын, і праведнасьць на зямлю кідаеце.
8 А Ён — Той, Які ўчыніў Стажар’е і Касцоў, і цень сьмерці ператварае ў раніцу, і дзень робіць цёмным як ноч. Ён кліча воды мора і вылівае іх на аблічча зямлі; ГОСПАД — імя Ягонае.
9 Ён прысьпешвае загубу супраць дужага, і прыходзіць загуба на замак.
10 Яны ненавідзяць таго, хто дакарае ў браме [гораду], і брыдзяцца тым, хто гаворыць беззаганна.
11 Дзеля гэтага за тое, што вы топчаце бедных і забіраеце ў іх стравы са збожжа, [хоць] вы пабудавалі дамы з чэсанага камяня, але ня будзеце жыць у іх, вы пасадзілі прывабныя вінаграднікі, але ня будзеце піць віна з іх.
12 Бо Я ведаю шматлікія правіны вашыя і цяжкія грахі вашыя; вы прыгнятаеце праведніка, берацё хабары і [справу] ўбогіх у браме выкрыўляеце.
13 Дзеля гэтага разумны ў гэты час маўчыць, бо гэта час ліхі.
14 Шукайце дабра, а ня ліха, каб вы маглі жыць; і гэтак ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе з вамі, як вы кажаце.
15 Ненавідзьце ліха і любіце дабро, і пастаўце ў браме суд. Можа, ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе ласкавы да рэшты Язэпа.
16 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Госпад: “На ўсіх плошчах лямант, і на ўсіх вуліцах будуць казаць: “Аёй! Аёй!”, і будуць клікаць земляроба на жалобу і тых, якія ведаюць галашэньні, каб галасілі!
17 І ў-ва ўсіх вінаградніках будзе лямант, бо Я прайду сярод цябе, кажа ГОСПАД”.
18 Гора вам, якія жадаюць дня ГОСПАДА! Навошта вам гэты дзень ГОСПАДА? Ён — цемра, а не сьвятло.
19 [Гэта так], як чалавек уцячэ ад ільва, і сустрэне мядзьведзя; або прыйшоў у дом, і абапёрся рукою сваёю аб сьцяну, і яго ўкусіла зьмяя.
20 Хіба ня ёсьць дзень ГОСПАДА цемрай, а не сьвятлом? Ён — цемрадзь, і няма бляску [сьвятла] ў ім.
21 Я ненавіджу, Я грэбую сьвятамі і не адчуваю паху прыемнага на ўрачыстых сходах вашых.
22 Бо калі вы складаеце мне цэласпаленьні і ахвяры хлебныя вашыя, Мне не даспадобы яны. І на ахвяры мірныя вашыя з кормнай жывёлы Я не пагляджу.
23 Прыбяры ад Мяне голас сьпеваў тваіх, і гуку гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.
24 Але няхай суд цячэ як вада, і праведнасьць — як магутны ручай.
25 Ці прыносілі вы Мне ахвяры [крывавыя] і ахвяры хлебныя ў пустыні сорак гадоў, доме Ізраіля?
26 Але вы насілі намёт Малоха вашага і Кіюна, абразы вашыя, зорку багоў вашых, якую вы сабе рабілі.
27 За гэта Я завяду вас у палон далёка за Дамаск, кажа ГОСПАД. Бог Магуцьцяў — імя Ягонае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Амоса, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023