Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Амоса 4 Амоса 4 разьдзел

1 Паслухайце слова гэтае, каровы Башану, якія на гары Самарыі, якія прыгнятаеце бедных, штурхаеце ўбогіх, кажучы гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць”.
2 Прысягнуў Госпад ГОСПАД сьвятасьцю Сваёю, што, вось, прыйдуць на вас дні, і Ён падыме вас на круках, і пазасталых вашых — на гачыках для рыбы.
3 І выйдзе, і [пойдзе] кожная перад сабою праз выломы [ў мурах], і кінуць вас у Гермоне, кажа ГОСПАД.
4 “Прыйдзіце ў Бэтэль і рабіце беззаконьне; у Гільгале яшчэ больш рабіце беззаконьне і прыносьце кожную раніцу ахвяры свае, кожныя тры дні — дзесяціны свае,
5 і паліце ахвяры падзякі з кіслым, і голасна абвяшчайце пра ахвяры дабраахвотныя, бо гэта вы любіце, сыны Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”.
6 І Я даў вам чысьціню зубоў у-ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ў-ва ўсіх месцах вашых; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
7 І Я таксама спыніў у вас дождж за тры месяцы да жніва, і выліў дождж на адзін горад, а на другі ня выліў; адно поле было паліта дажджом, а поле, якое дождж не паліў, высахла.
8 І цягнуліся два і тры гарады ў адзін горад, каб піць ваду, і не маглі напіцца; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
9 Я біў вас іржою і цьвільлю; мноства садоў вашых, і вінаграднікаў вашых, і дрэваў фігавых вашых, і дрэваў аліўкавых вашых пажэрлі вусені, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
10 Я спаслаў на вас пошасьць, як заразу ў Эгіпце, забіваў мячом юнакоў вашых, і забраў у палон коней вашых, і ўзьняў да ноздраў вашых смурод табараў вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
11 Я зьнішчыў вас, як Бог зьнішчыў Садом і Гамору, і вы былі, як галавешка, уратаваная з агню; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
12 Дзеля гэтага Я гэтак зраблю табе, Ізраіль. А калі Я зраблю гэтак табе, прыгатуйся да сустрэчы з Богам тваім, Ізраіль!
13 Бо Ён — Той, Які фармуе горы і стварае вецер, і выяўляе чалавеку думкі Свае, робіць зараніцу цемраю і крочыць па ўзгорках зямлі; ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, — імя Ягонае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Амоса, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023