Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Амоса 3 Амоса 3 разьдзел

1 Слухайце слова гэтае, якое ГОСПАД прамовіў да вас, сыны Ізраіля, да ўсёй сям’і, якую Я вывеў з зямлі Эгіпецкай, кажучы:
2 “Толькі вас Я пазнаў з усіх плямёнаў зямлі. Таму пакараю вас за ўсе беззаконьні вашыя.
3 Ці пойдуць два [чалавекі] разам, калі яны не дамовіліся?
4 Ці рыкае леў у лесе, калі ён ня мае здабычы? Ці львяня дае голас свой у логве сваім, калі не злавіла [нічога]?
5 Ці можа птушка патрапіць у сіло на зямлі, калі пастка на яе не была [пастаўлена]? Ці сіло рухаецца па зямлі, калі не патрапіла здабыча [ў яго]?
6 Калі трубіць у горадзе рог, хіба не дрыжаць людзі? Хіба бывае якое ліха ў горадзе, і ГОСПАД не ўчыніў [яго]?
7 Бо Госпад ГОСПАД нічога ня робіць, калі не аб’явіць таямніцы Сваёй слугам Сваім, прарокам.
8 Леў рыкае, хто ня будзе баяцца? Госпад ГОСПАД прамовіў, хто ня будзе прарочыць?
9 Дайце пачуць [гэта] ў палацах у Ашдодзе і ў палацах у зямлі Эгіпецкай і кажыце: “Зьбярыцеся на гарах Самарыі, і пабачце замяшаньне вялікае сярод яе, і прыгнёт унутры яе”.
10 І ня ведаюць яны, як рабіць справядліва, кажа ГОСПАД. Яны зьбіраюць гвалт і ліхадзейства ў палацах сваіх.
11 Дзеля гэтага кажа Госпад ГОСПАД: “Прыгнятальнік [стане] вакол зямлі гэтай, і ён забярэ ў цябе сілу тваю, і будуць абрабаваныя палацы твае”.
12 Гэта кажа ГОСПАД: “Як пастух ратуе з пашчы ільва дзьве галёнкі або кавалак вуха, так будуць выратаваныя сыны Ізраіля, якія жывуць у Самарыі ў куце ложка і ў Дамаску на посьцілцы”.
13 Паслухайце і папярэдзьце дом Якуба, кажа Госпад ГОСПАД, Бог Магуцьцяў.
14 Бо ў той дзень, калі Я наведаю Ізраіль за правіны ягоныя, Я таксама наведаю ахвярнікі Бэтэлю, і будуць адсечаныя рогі ахвярніку, і ўпадуць на зямлю.
15 Я зруйную дом зімовы і дом летні, і загінуць дамы з косьці слановай, і счэзне шмат дамоў, кажа ГОСПАД.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Амоса, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023