Амоса 3 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля, — на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай, — кажучы:
Слухайце слова гэтае, якое ГОСПАД прамовіў да вас, сыны Ізраіля, да ўсёй сям’і, якую Я вывеў з зямлі Эгіпецкай, кажучы:
толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя.
“Толькі вас Я пазнаў з усіх плямёнаў зямлі. Таму пакараю вас за ўсе беззаконьні вашыя.
Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою?
Ці пойдуць два [чалавекі] разам, калі яны не дамовіліся?
Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ёяно нічога не злавіла?
Ці рыкае леў у лесе, калі ён ня мае здабычы? Ці львяня дае голас свой у логве сваім, калі не злавіла [нічога]?
Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога ня трапіла ў яе?
Ці можа птушка патрапіць у сіло на зямлі, калі пастка на яе не была [пастаўлена]? Ці сіло рухаецца па зямлі, калі не патрапіла здабыча [ў яго]?
Ці трубіць у горадзе труба, — і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы?
Калі трубіць у горадзе рог, хіба не дрыжаць людзі? Хіба бывае якое ліха ў горадзе, і ГОСПАД не ўчыніў [яго]?
Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім, прарокам.
Бо Госпад ГОСПАД нічога ня робіць, калі не аб’явіць таямніцы Сваёй слугам Сваім, прарокам.
Леў пачаў рыкаць, хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць?
Леў рыкае, хто ня будзе баяцца? Госпад ГОСПАД прамовіў, хто ня будзе прарочыць?
Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе.
Дайце пачуць [гэта] ў палацах у Ашдодзе і ў палацах у зямлі Эгіпецкай і кажыце: “Зьбярыцеся на гарах Самарыі, і пабачце замяшаньне вялікае сярод яе, і прыгнёт унутры яе”.
Яны ня ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае.
І ня ведаюць яны, як рабіць справядліва, кажа ГОСПАД. Яны зьбіраюць гвалт і ліхадзейства ў палацах сваіх.
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае.
Дзеля гэтага кажа Госпад ГОСПАД: “Прыгнятальнік [стане] вакол зямлі гэтай, і ён забярэ ў цябе сілу тваю, і будуць абрабаваныя палацы твае”.
Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку.
Гэта кажа ГОСПАД: “Як пастух ратуе з пашчы ільва дзьве галёнкі або кавалак вуха, так будуць выратаваныя сыны Ізраіля, якія жывуць у Самарыі ў куце ложка і ў Дамаску на посьцілцы”.
Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф.
Паслухайце і папярэдзьце дом Якуба, кажа Госпад ГОСПАД, Бог Магуцьцяў.
Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, — адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю.
Бо ў той дзень, калі Я наведаю Ізраіль за правіны ягоныя, Я таксама наведаю ахвярнікі Бэтэлю, і будуць адсечаныя рогі ахвярніку, і ўпадуць на зямлю.
І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.
Я зруйную дом зімовы і дом летні, і загінуць дамы з косьці слановай, і счэзне шмат дамоў, кажа ГОСПАД.