Амоса 8 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі.
 
Гэта Госпад ГОСПАД паказаў мне. І вось, кош з летняй [садавінай].

І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму.
 
І сказаў Ён: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў: «Кош з летняй [садавінай]». І сказаў ГОСПАД мне: «Канец прыйшоў народу Майму Ізраілю, і ўжо больш не прайду каля іх.

Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі.
 
І будуць галасіць [замест] сьпеваў сьвятыні ў той дзень, кажа Госпад ГОСПАД; шмат будзе трупаў на кожным месцы, і кінуць іх моўчкі».

Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, —
 
Паслухайце гэта вы, якія топчаце ўбогага і вынішчаеце ўцісканых зямлі,

вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота — каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі,
 
кажучы: «Калі міне маладзік, будзем продаць збожжа; і ў суботу адчынім [сьвірны] са збожжам і зьменшым эфу, і павялічым [цану] сыкля, і будзем абважваць на шалях падманлівых,

каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць.
 
каб купляць бедных за срэбра і ўбогага — за [пару] сандалаў, і продаць высеўкі збожжа».

Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх!
 
Прысягнуў ГОСПАД на гонар Якуба: «Ніколі не забудуся ўсіх учынкаў іхніх!

Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая.
 
Ці не захістаецца ад гэтага зямля? Ці не залямантуе кожны, хто жыве на ёй? І яна ўздымаецца як рака, і ўсхвалюецца, і затопіць, як рака Эгіпецкая».

І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня,
 
І станецца ў той дзень, кажа Госпад ГОСПАД, што Я зраблю заход сонца апоўдні, і зацямню зямлю сярод яснага дня,

і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы — у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе — як горкі дзень.
 
і перамяню сьвяты вашыя ў жалобу і ўсе сьпевы вашыя — у галашэньне, і ўскладу на ўсе сьцёгны зрэбніцу, і на кожную галаву — лысіну, і зраблю гэта, як жалобу па адзіным [сыне], і канец гэтага — як дзень горычы.

Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад, — ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх.
 
Вось, прыходзяць дні, кажа Госпад ГОСПАД, і Я пашлю голад на зямлю, ня голад хлеба, і ня смагу вады, але [голад], каб слухаць словы ГОСПАДА.

І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго.
 
І будуць бадзяцца ад мора да мора, і з поўначы на ўсход будуць кружляць, шукаючы слова ГОСПАДА, і ня знойдуць.

У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы,
 
У той дзень будуць млець прыгожыя дзяўчаты і хлопцы.

якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! — Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.
 
Тыя, якія прысягаюць на правіну Самарыі і кажуць: “Няхай жыве бог твой, Дане!” і “Няхай жыве шлях у Бээр-Шэву!”, упадуць і больш ня ўстануць.