Амоса 8 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі.
 
Гэтак Спадар СПАДАР паказаў імне: і вось, сутнік летнае садавіны.

І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму.
 
І сказаў Ён: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў «Сутнік летнае садавіны». Тады сказаў СПАДАР імне: «Канец прышоў люду Майму Ізраелю: ня буду ўжо зыходзіць да яго.

Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі.
 
І таго дня песьні палацу будуць выючымі, — агалашае Спадар СПАДАР; — шмат будзе трупоў на кажным месцу, іх будуць кідаць моўчыкам».

Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, —
 
Слухайце гэта вы, што глытаеце ўбогіх, каб бедныя перасталі быць на зямлі,

вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота — каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі,
 
Кажучы: «Як мінець маладзік, і будзем прадаваць збожжа? і сыбота, і адчынім пшонку, меншачы ефу й павялічаючы цану сыкля, ашукаю хвальшуючы вагу,

каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць.
 
Каб мы маглі купляць бедных за срэбра а ўбогіх за чаравікі, а прадаваць адпадкі пшонкі».

Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх!
 
Прысягнуў СПАДАР вяліччам Якававым: «Ніколі не забудуся ўсіх учынкаў іхных!

Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая.
 
Ці не захістаецца ад гэтага зямля, і не заплача кажны жывучы на ёй? І падыймецца ўся яна як цурэй, і ўсхвалюецца, і затопе, як цурэй ягіпецкі.

І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня,
 
І станецца таго дня, — агалашае Спадар СПАДАР, што Я зьдзею заход сонца ў палудзень і зацямню зямлю серадня,

і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы — у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе — як горкі дзень.
 
І абярну сьвяты вашы ў жалобу і ўсі песьні вашы ў галашэньне, і ўзлажу зрэбніну на ўсі сьцёгны і лысіну на кажную галаву, і зьдзею гэта, як жалобу па адзіным, і канец яе — як гаркі дзень.

Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад, — ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх.
 
Вось, настануць дні, — агалашае Спадар СПАДАР, — і Я пашлю галадоў на зямлю, — не галадоў хлеба ані смагу вады, але галадоў слухаць словы СПАДАРОВЫ.

І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго.
 
І будуць бадзяцца ад мора аж да мора і з поўначы аж на ўсход, будуць бегаць туды-сюды шукаць слова СПАДАРОВАГА, але ня знойдуць.

У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы,
 
Таго дня прыгожыя дзеўкі й дзяцюкі памлеюць ад смагі,

якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! — Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.
 
Тыя, што прысягаюць віною самарскаю й кажуць: "Жыў бог твой, Дане!" і "Жыва дарога да Веер-Шэвы!" — паваляцца й ніколі ня ўстануць».