Амоса 8 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гэта вось паказаў мне Госпад Бог: вось жа, кош са спелымі пладамі.
 
Гэтак Спадар СПАДАР паказаў імне: і вось, сутнік летнае садавіны.

І спытаўся: «Што ты бачыш, Амосе?» Я адказаў: «Кош са спелымі пладамі». І сказаў Госпад мне: «Прыспеў канец народу майму Ізраэлю; не буду болей прабачаць яму.
 
І сказаў Ён: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў «Сутнік летнае садавіны». Тады сказаў СПАДАР імне: «Канец прышоў люду Майму Ізраелю: ня буду ўжо зыходзіць да яго.

У той дзень палацавыя песні заменяцца ў плач, — кажа Госпад Бог, — будзе многа трупаў, раскідаюцца яны на кожным месцы, ціша!»
 
І таго дня песьні палацу будуць выючымі, — агалашае Спадар СПАДАР; — шмат будзе трупоў на кажным месцу, іх будуць кідаць моўчыкам».

Слухайце гэта вы, што ўціскаеце беднага і пазбаўляеце бедных зямлі.
 
Слухайце гэта вы, што глытаеце ўбогіх, каб бедныя перасталі быць на зямлі,

Вы кажаце: «Калі то пройдзе поўня месяца? Тады будзем мы прадаваць хлеб. Калі ж шабат? Тады мы адчынім свірны, каб змяншаць меру, павялічваць кошт сікля ды падманваць фальшывымі вагамі,
 
Кажучы: «Як мінець маладзік, і будзем прадаваць збожжа? і сыбота, і адчынім пшонку, меншачы ефу й павялічаючы цану сыкля, ашукаю хвальшуючы вагу,

каб купляць за срэбра няшчасных, а беднага за пару сандаляў, і каб высеўкі пшанічныя прадаваць».
 
Каб мы маглі купляць бедных за срэбра а ўбогіх за чаравікі, а прадаваць адпадкі пшонкі».

Прысягнуў Госпад на пыху Якуба: «Не забудуся ў вяках усіх іх учынкаў».
 
Прысягнуў СПАДАР вяліччам Якававым: «Ніколі не забудуся ўсіх учынкаў іхных!

Ці ж дзеля гэтага не задрыжыць зямля і ці ж не будзе бедаваць кожны яе жыхар, уздымецца яна ўся, як плынь, узбурыцца і ападзе, як ручай Егіпецкі?
 
Ці не захістаецца ад гэтага зямля, і не заплача кажны жывучы на ёй? І падыймецца ўся яна як цурэй, і ўсхвалюецца, і затопе, як цурэй ягіпецкі.

«І будзе так: у той дзень, — кажа Госпад Бог, — загадаю сонцу закаціцца ў поўдзень і зацямню аблічча зямлі ў ясны дзень.
 
І станецца таго дня, — агалашае Спадар СПАДАР, што Я зьдзею заход сонца ў палудзень і зацямню зямлю серадня,

І замяню святы вашы ў жалобу, а ўсе спевы вашы — у плач; і надзену на ўсе сцёгны вашы зрэбніцу, а на ўсе галовы — лысіну, ды пакладу яе, як жалобу па адзіным сыне, а апошнія дні — як горкі дзень».
 
І абярну сьвяты вашы ў жалобу і ўсі песьні вашы ў галашэньне, і ўзлажу зрэбніну на ўсі сьцёгны і лысіну на кажную галаву, і зьдзею гэта, як жалобу па адзіным, і канец яе — як гаркі дзень.

«Вось жа надыдуць дні, — кажа Госпад, — і я пашлю голад на зямлю; не голад на хлеб ані смагу на ваду, але голад на слуханне слова Госпадавага.
 
Вось, настануць дні, — агалашае Спадар СПАДАР, — і Я пашлю галадоў на зямлю, — не галадоў хлеба ані смагу вады, але галадоў слухаць словы СПАДАРОВЫ.

І будуць яны бегаць ад мора да мора; віраваць будуць з поўначы на ўсход, шукаючы слова Госпадавага, і не знойдуць.
 
І будуць бадзяцца ад мора аж да мора і з поўначы аж на ўсход, будуць бегаць туды-сюды шукаць слова СПАДАРОВАГА, але ня знойдуць.

У той дзень памлеюць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і юнакі.
 
Таго дня прыгожыя дзеўкі й дзяцюкі памлеюць ад смагі,

Тыя, што прысягаюць на віну Самарыі і кажуць: “Жыве Бог твой, Дан!” і “Жыве шлях Бээр-Сэбы!” — падуць і болей не паўстануць».
 
Тыя, што прысягаюць віною самарскаю й кажуць: "Жыў бог твой, Дане!" і "Жыва дарога да Веер-Шэвы!" — паваляцца й ніколі ня ўстануць».