Амоса 2 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Мааба і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што спаліў косці цара Эдома на вапну.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Моава, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён спаліў на вапну косьці караля Едомскага;
Дык пашлю агонь на Мааба, ён паглыне палацы Карыёта, ды прападзе ў час завірухі ваеннай Мааб, у гармідары і пры гуку трубы:
Але пашлю цяпло на Моава, і яно зжарэць палацы Керофа, і памрэць Моаў із шумам, крыкам, гукам трубы.
знішчу з пасярод яго суддзю і разам з ім пазабіваю ўсіх яго князёў”, — кажа Госпад.
І адатну судзьдзю з пасярод яго, і заб’ю ўсіх князёў ягоных разам ізь ім», — кажа СПАДАР.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Юды і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што адкінулі закон Госпадаў і загадаў Яго не захавалі, звялі іх ідалы іх, за якімі хадзілі бацькі іх;
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Правам СПАДАРОВЫМ і не дзяржалі расказаньня Ягонага, і зьвяла іх мана іхная, подле каторае хадзілі айцове іхныя;
дык сашлю агонь на Юду, і паглыне ён палацы Ерузаліма”.
Але пашлю цяпло на Юду, і яно зжарэць палацы ерузалімскія».
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Ізраэля і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што за срэбра прадаюць справядлівага, а беднага — за пару сандаляў.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Ізраеля, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны прадавалі справядлівых за срэбра і ўбогіх за чаравікі;
У пыле зямлі топчуць яны галовы бедных, а дарогу ўбогіх крывяць; а сын і бацька яго ходзяць да [той самай] дзяўчыны, каб зняважыць Маё святое імя.
Каторыя жадаюць пылу земнага на галаву бедных, а дарогу лагодных адварачаюць; і мужчына і бацька ягоны ходзяць да дзяўчыны, каб плюгавіць сьвятое імя Маё.
І на вопратках, узятых у залог, вылежваюцца пры кожным ахвярніку, і віно, атрыманае з абвінавачаных, п’юць у доме Бога свайго.
На закладзеных адзецьцях кладуцца ля кажнага аброчніка, і віно засуджаных п’юць у доме бога свайго.
Я знішчыў з-пад іх аблічча амарэяў, вышыня якіх была падобнай да вышыні кедраў, а моц — быццам дубоў; я знішчыў плод іх зверху, а знізу — карані яго.
Я, адылі, зьнішчыў Аморэя перад імі, каторага вышыня, як вышыня кедраў, і яны крэпкія, як дубы; Я, адылі, зьнішчыў плады ягоныя ўгары і карэньне ягонае далавах.
Вывеў жа Я вас з зямлі Егіпецкай, і вёў вас праз пустыню сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэяў.
Таксама я ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае і вадзіў вас сорак год па пустыні, каб спала вам зямля Аморэя.
І пасярод сыноў вашых узняў прарокаў, а паміж юнакоў вашых — назіраў. Ці не было так, сыны Ізраэля?” — кажа Госпад.
І Я ўзьняў із сыноў вашых за прарокаў і з маладзёнаў вашых за назарэяў; ці ня так, сынове Ізраелявы?» — агалашае СПАДАР.
А вы назарэйцаў паілі віном, а прарокам забаранялі, кажучы: “Не праракуйце”.
«А вы далі назарэям віно піць і расказалі прарокам, кажучы: "Не праракайце".
Вось жа, Я прыцісну вас да зямлі, як прыціскае воз, загружаны снапамі.
Вось, Я націсну на вас, як цялежкі ціснуць такаўню, поўную снапоўя.
У спрытнага не стане сілы ўцячы, ды дужы не адчуе сілы сваёй, а волат не ўратуе душу сваю;
Затым загінуць уцекі ад хіжага, і дужы не ўмацуе моцы свае, ані магучы вывальне душу сваю,
лучнік не ўстаіць, ані спрытны не ўратуецца на нагах сваіх, а коннік на кані не ўратуе душу сваю.
Ані страляючы з луку вытрывае, ані шыбканогі вывальніцца, ані коньнік вывальне душу сваю.
Нават наймацнейшы духам сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень”, — кажа Госпад.
І адважны сэрцам сярод дужасілаў уцячэць голы таго дня», — агалашае СПАДАР.