Амоса 4 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слухайце гэтае слова, каровы Басана, якія ёсць на гары Самарыі, якія прыгнятаеце няшчасных і мучаеце бедных, якія кажаце гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць!”
 
Слухайце словы, каровы вашанскія, каторыя на гары Самарскай, што ўціскаеце бедных, трышчыце ўбогіх, што кажаце гаспадаром сваім: «Прынясі, і будзем піць».

Прысягнуў Госпад Бог святасцю Сваёй: “Вось, прыйдуць на вас дні, і прыцягнуць вас крукамі, а астатніх вашых — вудамі;
 
Прысягнуў Спадар СПАДАР сьвятасьцю Сваёю, што, гля, настануць дні на вас, што Ён возьме вас крукамі й патомкаў вашых вудамі.

і праз праломы муроў выйдзеце, адна насупраць другой, і павалакуць вас у Армон”, — кажа Госпад.
 
«І выйдзеце кажная асобна пераз праломы, і кінеце ў Гармоне», — агалашае СПАДАР.

“Ідзіце ў Бэтэль, і бязбожнае чыніце ў Галгале, і памнажайце злачынствы; і складайце ахвяры вашы кожнай раніцы і кожны трэці дзень — дзесяціны вашыя!
 
«Прыйдзіце да Бэт-Элю й рабіце выступы; у Ґілґале размножча выступ і прыносьце кажнае раніцы аброкі свае, трэйцяга году дзесяціны свае.

І складайце ў ахвяру хлебную хлеб кіслы, і клічце ўголас да ахвяр добраахвотных, ды абвяшчайце, бо гэта вы любіце, сыны Ізраэля”, — кажа Госпад Бог.
 
І паліце аброкі падзякі зь кіслым, і абяшчайце, агалашайце самахотныя аброкі, бо гэта вы любіце, сынове Ізраелявы», — агалашае Спадар СПАДАР.

“За гэта і Я даў вам галечу зубоў па ўсіх гарадах вашых ды нястачу хлеба па ўсіх месцах вашых; а вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
 
«І Я таксама даў вам чысьціню зубоў у вусіх местах вашых і ў жадобу хлеба ў вусіх месцах вашых; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР.

“Таксама Я ўтрымаў ад вас дождж, калі яшчэ тры месяцы заставалася да жніва; ды праліў дождж на адзін горад, а на другі горад не даў дажджу: адна частка паліта дажджом, а другая частка, на якую не даў дажджу, ссохла.
 
«І Я таксама запыніў ад вас дождж за тры месяцы да жніва, і паліў дождж на адно места, а на другое не паліў; адна дзялёнка была намочана дажджом, а дзялёнка, што дождж не паліў, сохла.

Тады ўцякалі два, тры гарады ў адзін горад, каб там напіцца вады, але не заспакоілі смагі; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
 
Дык два, тры месты цягнуліся да аднаго места, каб піць ваду, але не маглі досыць напіцца; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР.

“Я караў вас пякучым ветрам і залатухай; многа вашых садоў і вінаграднікаў вашых, дрэвы фігавыя вашы і аліўкі вашы з’ела саранча; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
 
«Выцяў вас іржою а цьвільлю; множасьць садоў вашых а вінішчаў вашых а фіґаў вашых а аліўкаў вашых пажэрла вусень, вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР.

“Саслаў на вас пошасць — заразу, як на Егіпет, выбіў мечам вашых юнакоў, забраўшы коней вашых, ды ўчыніў так, што смурод ад станаў вашых падымаўся да ноздраў вашых; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
 
«Паслаў на вас ліпучку подле спосабу ягіпецкага, забіваў маладзёнаў вашых мячом, і забіраў у палон коні іхныя, і прычыніў, што смурод із табараў вашых ішоў у ноздры вашы; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — кажа СПАДАР.

“Спустошыў Я вас, як спустошыў Бог Садом і Гамору, і сталіся вы, як галавешка, выцягнутая з агню; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
 
«Вывярнуў вас, як Бог вывярнуў Содому а Ґомору, і вы былі, як галавешка, уратаваная з пажару; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР.

“Дык вось што зраблю табе, Ізраэль, а што гэта зраблю табе, прыгатуйся стаць перад Богам тваім, Ізраэль,
 
«Затым гэтак Я зраблю табе, Ізраелю; дык прыгатуйся наўпярэймы Бога Свайго, Ізраелю!»

бо вось, Ён — Той, Хто творыць горы і выклікае вецер, аб’яўляе чалавеку намер яго, выклікае зару і цемру, ходзіць па вышынях зямных; імя Яго — Госпад, Бог Магуццяў”.
 
Бо, гля, Ён Тый, што хармуе горы і твора вецер, і наказуе людзіне што за думка Ягоная, што абарачае раніцу ў цямноту й ступае па ўзвышшах зямлі; СПАДАР, Бог войскаў, імя Ягонае.