Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Амоса 4 Амоса 4 разьдзел

1 Слухайце гэтае слова, каровы Басана, якія ёсць на гары Самарыі, якія прыгнятаеце няшчасных і мучаеце бедных, якія кажаце гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць!”
2 Прысягнуў Госпад Бог святасцю Сваёй: “Вось, прыйдуць на вас дні, і прыцягнуць вас крукамі, а астатніх вашых — вудамі;
3 і праз праломы муроў выйдзеце, адна насупраць другой, і павалакуць вас у Армон”, — кажа Госпад.
4 “Ідзіце ў Бэтэль, і бязбожнае чыніце ў Галгале, і памнажайце злачынствы; і складайце ахвяры вашы кожнай раніцы і кожны трэці дзень — дзесяціны вашыя!
5 І складайце ў ахвяру хлебную хлеб кіслы, і клічце ўголас да ахвяр добраахвотных, ды абвяшчайце, бо гэта вы любіце, сыны Ізраэля”, — кажа Госпад Бог.
6 “За гэта і Я даў вам галечу зубоў па ўсіх гарадах вашых ды нястачу хлеба па ўсіх месцах вашых; а вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
7 “Таксама Я ўтрымаў ад вас дождж, калі яшчэ тры месяцы заставалася да жніва; ды праліў дождж на адзін горад, а на другі горад не даў дажджу: адна частка паліта дажджом, а другая частка, на якую не даў дажджу, ссохла.
8 Тады ўцякалі два, тры гарады ў адзін горад, каб там напіцца вады, але не заспакоілі смагі; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
9 “Я караў вас пякучым ветрам і залатухай; многа вашых садоў і вінаграднікаў вашых, дрэвы фігавыя вашы і аліўкі вашы з’ела саранча; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
10 “Саслаў на вас пошасць — заразу, як на Егіпет, выбіў мечам вашых юнакоў, забраўшы коней вашых, ды ўчыніў так, што смурод ад станаў вашых падымаўся да ноздраў вашых; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
11 “Спустошыў Я вас, як спустошыў Бог Садом і Гамору, і сталіся вы, як галавешка, выцягнутая з агню; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад.
12 “Дык вось што зраблю табе, Ізраэль, а што гэта зраблю табе, прыгатуйся стаць перад Богам тваім, Ізраэль,
13 бо вось, Ён — Той, Хто творыць горы і выклікае вецер, аб’яўляе чалавеку намер яго, выклікае зару і цемру, ходзіць па вышынях зямных; імя Яго — Госпад, Бог Магуццяў”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Амоса, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017