Амоса 7 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля царскага пакосу.
Гэта паказаў мне Госпад ГОСПАД. І вось, Ён уфармаваў саранчу, калі пачала расьці атава, і вось, атава была пасьля касьбы для валадара.
І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: Госпадзе Божа! пашкадуй; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
І сталася, калі [саранча] скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: «Госпадзе, ГОСПАДЗЕ! Калі ласка, даруй! Як устане Якуб? Бо ён малы».
І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «ня будзе гэтага», сказаў Гасподзь.
Пашкадаваў ГОСПАД пра гэта. «Ня будзе [гэтага]», — сказаў ГОСПАД.
Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Гасподзь Бог утварыў для суду агонь, — і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі.
Гэта паказаў мне Госпад ГОСПАД. І вось, Госпад ГОСПАД паклікаў агонь, каб праводзіць спрэчку, і ён зжэр бяздоньне вялікае, і зжэр частку [зямлі].
І сказаў я: Госпадзе Божа! спыні; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
І я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, калі ласка, спыні! Як устане Якуб? Бо ён малы».
І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «і гэтага ня будзе», сказаў Гасподзь Бог.
Пашкадаваў ГОСПАД пра гэта. «Ня будзе гэтага», — сказаў Госпад ГОСПАД.
Такую ўяву адкрыў Ён мне: вось, Гасподзь стаяў на выноснай сьцяне, і ў руцэ ў яго сьвінцовая вага.
Гэта Ён паказаў мне. І вось, Госпад стаіць на муры стромкім і ў руцэ Ягонай — грунтвага.
І сказаў мне Гасподзь: «што ты бачыш, Амосе?», я адказаў: «вагу». І Гасподзь сказаў: «вось, пакладу вагу сярод народу майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму.
І сказаў ГОСПАД мне: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў: «Грунтвагу». І сказаў Госпад: «Вось, Я павешу грунтвагу сярод народу Майго, Ізраіля, і ўжо больш не прайду каля іх.
І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану зь мечам супроць дому Ераваамавага».
І будуць спустошаныя ўзгоркі Ісаака, і сьвятыні Ізраіля будуць зруйнаваныя, і Я паўстану з мячом на дом Ерабаама».
І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, цара Ізраільскага, сказаць: Амос утварае смуту супроць цябе сярод дому Ізраілевага; зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных,
І паслаў Амацыя, сьвятар з Бэтэлю, да Ерабаама, валадара Ізраіля, кажучы: «Амос змовіўся супраць цябе пасярод дому Ізраіля. Ня можа зямля вытрываць усіх словаў ягоных.
бо так кажа Амос: ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным зь зямлі сваёй.
Бо гэтак сказаў Амос: “Ад мяча памрэ Ерабаам, і Ізраіль паланеньнем будзе выведзены ў палон з зямлі сваёй”».
І сказаў Амасія Амосу: празорлівец! ідзі і сыдзі ў зямлю Юдавую; там еж хлеб і там прароч,
І сказаў Амацыя Амосу: «Відушчы, ідзі, уцякай сабе ў зямлю Юды, і еш там хлеб, і там прароч,
а ў Вэтылі больш не прароч, бо ён — сьвятыня цара і дом царскі.
але ў Бэтэлі больш не спрабуй прарочыць, бо ён — сьвятыня валадара і дом валадарства».
І адказваў Амос і сказаў Амасію: я — не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы.
І адказаў Амос, і сказаў Амацыі: «Я — не прарок, і я — ня сын прарока, бо я — звычайны пастух і зьбіраю сыкаморы.
Але Гасподзь узяў мяне ад авечак, і сказаў мне Гасподзь: ідзі, прароч народу Майму Ізраілю.
І ўзяў мяне ГОСПАД, калі я [ішоў] за авечкамі, і сказаў мне ГОСПАД: “Ідзі, прароч народу Майму, Ізраілю”.
Цяпер выслухай слова Гасподняе. Ты кажаш: не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў.
І цяпер слухай слова ГОСПАДА. Ты кажаш: “Не прароч на Ізраіля і не прапаведуй на дом Ісаака”.
За гэта, вось што кажа Гасподзь: жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе зь зямлі сваёй.
Дзеля гэтага кажа ГОСПАД: “Жонка твая будзе распусьнічаць у горадзе, а сыны твае і дочкі твае ўпадуць ад мяча, і зямля твая будзе падзелена шнурам [меральным], і ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль паланеньнем пойдзе ў палон з зямлі сваёй”».