Захарыі 2 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І ўзьняў я вочы мае, і ўбачыў, і вось, муж, і ў руцэ ягонай меральны прут.
І зноў я ўзьвёў вочы мае і ўгледзеў: вось муж, у якога ў руцэ — землямерная вяроўка.
І я сказаў: “Куды ты ідзеш?” А ён сказаў мне: “Мераць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня ягоная і якая даўжыня ягоная”.
Я спытаўся: куды ты ідзеш? І ён сказаў мне: мерыць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня яго і якая даўжыня яго.
І вось, анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, і другі анёл выходзіць насустрач яму,
І вось анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, а другі анёл ідзе насустрач яму,
і сказаў яму: “Бяжы, прамоў да юнака гэтага, кажучы: 'Ерусалім будзе заселены па-за мурамі з прычыны мноства людзей і скаціны ў ім.
і сказаў ён гэтаму: ідзі хутчэй, скажы гэтаму юнаку: Ерусалім заселіць ваколіцы з прычыны мноства людзей і быдла ў ім.
І Я буду для яго, кажа ГОСПАД, вогненным мурам вакол [яго], і буду славаю пасярод яго'”.
І Я буду яму, кажа Гасподзь, вогненнаю сьцяною вакол яго і праслаўлюся сярод яго.
Гора, гора! Уцякайце з зямлі паўночнай, кажа ГОСПАД, бо на чатыры вятры нябесныя Я расьцярушу вас, кажа ГОСПАД.
Эй, эй! бяжэце з паўночнай краіны, кажа Гасподзь: бо па чатырох вятрах нябесных Я расьсеяў вас, кажа Гасподзь.
Гора! Уцякай на Сыён тая, якая жывеш у дачкі Бабілону.
Ратуйся, Сіёне, які жывеш у дачкі Вавілона.
Бо гэта сказаў ГОСПАД Магуцьцяў: “Дзеля славы [Сваёй] Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас, бо хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Ягонага.
І так кажа Гасподзь Саваоф: дзеля славы Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас; бо той, хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Яго.
І вось Я махну рукою Маёй на іх, і яны будуць здабычай для слугаў сваіх, і даведаецеся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне.
І вось, Я падыму руку Маю на іх, і яны зробяцца здабычаю рабоў сваіх, і тады ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне.
Весяліся і радуйся, дачка Сыёну, бо вось, Я прыходжу і буду жыць пасярод цябе, кажа ГОСПАД.
Радуйся і весяліся, дачка Сіёна! Бо вось, Я прыйду і пасялюся сярод цябе, кажа Гасподзь.
І далучыцца шмат народаў да ГОСПАДА ў той дзень і будуць Мне народам, і Я буду жыць пасярод цябе, і ты даведаешся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да цябе.
І прыбягуць да Госпада многія народы ў той дзень і будуць Маім народам; і я пасялюся сярод цябе, і ўведаеш, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да цябе.
І ўспадкаеміць ГОСПАД Юду, частку Сваю ў зямлі сьвятой, і зноў выбярэ Ерусалім”.
Тады Гасподзь возьме ва ўладаньне Юду, Сваю долю на сьвятой зямлі, і зноў выбера Ерусалім.
Няхай змоўкне ўсякае цела перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён паўстаў са сьвятой сялібы Сваёй.
Хай маўчыць усякая плоць перад абліччам Госпада! Бо Ён падымаецца ад сьвятога жытлішча Свайго.