Захарыі 10 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Прасіце ў ГОСПАДА дождж у час позьняга дажджу. ГОСПАД блісьне маланкаю і дасьць залеву дажджу, [дасьць] кожнаму траву ў полі.
 
Прасеце ў Госпада дажджу ў час добрай патрэбы; Гасподзь блісьне маланкаю і дасьць вам шчодры дождж, кожнаму колас на полі.

Бо балваны гавораць беззаконьне, і прадказальнікі бачаць хлусьню і распавядаюць пра сны марныя, пацяшаюць марнасьцю. Дзеля гэтага яны бадзяюцца, як авечкі; яны прыгнечаныя, бо няма пастыра.
 
Бо ідалы гавораць пустое, і вяшчуны бачаць ілжывае і расказваюць сны ілжывыя; яны суцяшаюць пусткаю; таму яны бадзяюцца як авечкі, церпяць гароту, бо няма пастыра.

На пастыраў Я загневаўся гневам Маім, і казлоў Я наведаю, бо наведае ГОСПАД Магуцьцяў чараду Сваю, дом Юды, і паставіць іх, як слаўнага каня Свайго на бітву.
 
На пастыраў запаліўся гнеў Мой, і казлоў Я пакараю; бо наведае Гасподзь Саваоф статак Свой, і дом Юдаў, і паставіць іх, як славутага каня Свайго на змаганьне.

З яго — кутні [камень], з яго — калок [намёту], з яго — лук баявы, з яго выйдуць усе кіраўнікі разам.
 
Зь яго будзе кутні камень, зь яго — цьвік, зь яго — лук для змаганьня, зь яго пойдуць усе кіроўцы народаў.

І яны будуць, як волаты, якія топчуць вулічнае балота ў бітве, і будуць ваяваць, бо ГОСПАД з імі, і асаромяць вершнікаў на конях.
 
І яны будуць, як героі, што топчуць ворагаў на вайне, як гразь на вуліцы, і змагацца, бо Гасподзь зь імі, і паганьбяць вершнікаў на конях.

І Я ўмацую дом Юды, і дом Язэпа выбаўлю, і вярну іх; бо Я зьлітуюся над імі, і яны будуць, быццам Я не кідаў іх, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні, і Я адкажу ім.
 
І ўмацую дом Юдаў і ўратую дом Язэпаў, і вярну іх, бо Я ўмілажаліўся зь іх, і яны будуць, як бы Я не пакідаў іх: бо Я — Гасподзь Бог іхні, і пачую іх.

І будзе Эфраім, як волат, і ўзрадуецца сэрца іхняе, як ад віна. І сыны іхнія ўбачаць і ўзрадуюцца; сэрца іхняе будзе цешыцца ў ГОСПАДЗЕ.
 
Як герой будзе Яфрэм; узьвесяліцца сэрца іхняе, як ад віна; і ўбачаць гэта сыны іхнія і парадуюцца; у захапленьні будзе сэрца іхняе ў Госпадзе.

Я засьвішчу ім і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх, і яны будуць множыцца, як множыліся [раней].
 
Я дам ім знак і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх; яны будуць гэтакія ж шматлікія, як раней;

І Я расьсею іх паміж народамі, але ў [зямлі] далёкай яны будуць узгадваць Мяне, і будуць жыць з сынамі сваімі, і вернуцца.
 
і расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне і жыцьмуць зь дзецьмі сваімі, і вернуцца;

І Я вярну іх з зямлі Эгіпецкай, і з Асірыі зьбяру іх, і ў зямлю Гілеад і на Лібан прывяду іх, і ня [будзе хапаць] месца для іх.
 
і вярну іх зь зямлі Егіпецкай і з Асірыі зьбяру іх, і прывяду іх у зямлю Галаадскую і на Ліван, і ня хопіць месца ім.

І ён пройдзе праз мора нядолі, і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпадзе пыхлівасьць Асірыі, і скіпетр Эгіпту будзе забраны.
 
І пройдзе бедства па моры і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпакорыцца ганарыстасьць Асура, і жазло адымецца ў Егіпта.

І Я ўмацую іх у ГОСПАДЗЕ, і ў імя Ягонае яны будуць хадзіць, кажа ГОСПАД.
 
Умацую іх у Госпадзе, і яны хадзіцьмуць у імя Яго, кажа Гасподзь.