Захарыі 14 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Вось, надыходзіць дзень ГОСПАДА, і падзеляць здабычу тваю пасярод цябе.
 
І вось настае дзень Гасподні, калі падзеляць сярод цябе нарабаванае ў цябе.

І Я зьбяру ўсе народы супраць Ерусаліму на бітву, і горад будзе здабыты, і дамы будуць разрабаваныя, і жанчыны будуць зьняслаўленыя, і палова гораду пойдзе ў палон, але рэшта народу ня будзе вынішчана з гораду.
 
І зьбяру ўсе народы на вайну супроць Ерусаліма, і ўзяты будзе горад, і разрабаваны будуць дамы, і зьняслаўлены будуць жанчыны, і палавіна горада пойдзе ў палон; а астатні народ ня будзе зьнішчаны з горада:

І выйдзе ГОСПАД, і будзе ваяваць з народамі гэтымі, як у дзень змаганьня Ягонага, як у дзень бітвы.
 
Тады выступіць Гасподзь і паўстане супроць гэтых народаў, як паўстаў у дзень бітвы.

І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Аліўнай, якая перад абліччам Ерусаліму з усходу; і рашчэпіцца гара Аліўная папалам, на ўсход і на захад, [і будзе] даліна вельмі вялікая, і пасунецца палова гары на поўнач, а палова — на поўдзень.
 
І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Елеонскай, якая перад абліччам Ерусаліма на ўсход; і раздвоіцца гара Елеонская ад усходу да захаду даволі вялікаю далінаю, і палавіна гары адыдзе на поўнач, а палавіна яе — на поўдзень.

І вы будзеце ўцякаць у даліну гор Маіх, бо даліна гор будзе сягаць аж да Ацэлу; і вы будзеце ўцякаць, як уцякалі перад землятрусам у дні Узіі, валадара Юды; і прыйдзе ГОСПАД, Бог мой, і ўсе сьвятыя з Ім.
 
І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх; бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла; і вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, цара Юдэйскага; і прыйдзе Гасподзь Бог мой і ўсе сьвятыя зь Ім.

І станецца ў той дзень, што ня будзе сьвятла каштоўнага, але цемра і холад.
 
І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца.

І станецца адзіны [той] дзень, вядомы ГОСПАДУ, ані дзень, ані ноч; і станецца, што ў часе вячэрнім будзе сьвятло.
 
Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло.

І станецца ў той дзень, што пацякуць воды жывыя з Ерусаліму, палова іх — у мора ўсходняе, і палова іх — у мора заходняе; улетку і ўзімку будзе [гэта].
 
І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе.

І будзе ГОСПАД Валадаром над усёю зямлёй. У той дзень будзе ГОСПАД адзін, і імя Ягонае — адно.
 
І Гасподзь будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго — адзінае.

І ўся зямля будзе як раўніна ад Гевы да Рымону, які на поўдні ад Ерусаліму, і ён будзе ўзьняты, і будзе заселены на месцы сваім, ад Брамы Бэн’яміна і да месца Брамы Першай, аж да Брамы Нарожнай, і ад Вежы Хананэля аж да тоўчні валадара.
 
Уся гэта зямля будзе, як раўніна, ад Гаваона да Рэмона, на поўдзень ад Ерусаліма, які высока стаяцьме на сваім месцы і населіцца ад брамаў Веньямінавых да месца першай брамы, да кутняй брамы, і ад вежы Аканэіла да царскіх чавільняў.

І будуць жыць у ім, і ўжо ня будзе там [вынішчэньня] з закляцьцем, але будзе жыць Ерусалім у бясьпецы.
 
І будуць жыць у ім, і праклёну ня будзе больш, а будзе стаяць Ерусалім у бясьпецы.

І гэта будзе пляга, якой ГОСПАД ударыць усе народы, якія будуць ваяваць супраць Ерусаліму: цела іхняе згніе, хоць яны будуць стаяць на нагах сваіх, і вочы іхнія згніюць у вачніцах іхніх, і язык іхні згніе ў роце іхнім.
 
І вось якое будзе паганьбеньне, якім пакарае Гасподзь усе народы, якія ваявалі супроць Ерусаліма: у каго зачаўрае цела ягонае, калі ён яшчэ стаіць на сваіх нагах, і вочы ў яго растануць у ямінах сваіх, і язык яго высахне ў роце ў яго.

І станецца ў той дзень, што вялікае замяшаньне ад ГОСПАДА будзе сярод іх і схопіць кожны адзін аднаго за руку, і падымецца рука ягоная на руку бліжняга свайго.
 
І будзе ў той дзень: адбудзецца паміж імі вялікая бянтэга ад Госпада, так што адзін схопіць руку другога, і падымецца рука яго на руку блізкага яго.

І Юда таксама будзе ваяваць у Ерусаліме, і будзе сабранае багацьце ўсіх народаў навокал: золата, срэбра і адзеньне ў мностве вялікім.
 
Але і сам Юда будзе ваяваць супроць Ерусаліма, і сабрана будзе багацьце ўсіх навакольных народаў: золата, срэбра і вопратка ў вялікім мностве.

І такая самая пляга як пляга гэтая будзе на каня, мула, вярблюда і асла, і на ўсякую жывёлу, якая будзе ў табарах гэтых.
 
Будзе такое самае паражэньне і коней і мулаў, і вярблюдаў і аслоў, і ўсякага быдла, якое будзе ў табарах іхніх.

І станецца, што кожны пазасталы з усіх народаў, якія прыходзілі супраць Ерусаліму, будуць узыходзіць год у год, каб пакланіцца Валадару, ГОСПАДУ Магуцьцяў, і сьвяткаваць Сьвята Намётаў.
 
Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак.

І станецца, калі хто ня ўзыйдзе разам з сем’ямі зямлі ў Ерусалім, каб пакланіцца Валадару, ГОСПАДУ Магуцьцяў, на таго ня будзе ісьці дождж.
 
І будзе: калі якое зь плямёнаў зямных ня пойдзе ў Ерусалім на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, дык ня будзе дажджу ў іх.

І калі сем’і Эгіпту ня ўзыйдуць і ня прыйдуць, будзе на іх пляга, якой ударыць ГОСПАД народы, якія не ўзыйшлі, каб сьвяткаваць Сьвята Намётаў.
 
І калі племя Егіпецкае не падымецца ў дарогу і ня прыйдзе сюды, дык і ў яго ня будзе дажджу і спасьцігне яго разгром, якім сьпляжыць Гасподзь народы, што ня прыходзяць сьвяткаваць сьвята кучак.

Гэта будзе за грэх Эгіпту і за грэх усіх народаў, якія не ўзыйшлі, каб сьвяткаваць Сьвята Намётаў.
 
Вось, што будзе за грэх Егіпта і за грэх усіх народаў, якія ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята кучак!

У той дзень будзе на бомах конскіх [напісана]: “Сьвятое для ГОСПАДА”, і будуць казаны ў Доме ГОСПАДА, як тыя крапільніцы перад ахвярнікамі.
 
У той час нават на конскіх уборах будзе накрэсьлена: сьвятыня Госпаду, і катлы ў доме Гасподнім будуць, як ахвярныя чары перад алтаром.

І будуць усе казаны ў Ерусаліме і ў Юдзе сьвятымі для ГОСПАДА Магуцьцяў. І прыйдуць усе, хто складае ахвяру, і возьмуць, і будуць варыць у іх, і ня будзе ўжо Хананейца ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў у той дзень.
 
І ўсе катлы ў Ерусаліме і ў Юдэі будуць сьвятыняю Госпада Саваофа, і будуць прыходзіць усе, хто прыносіць ахвяру, і браць іх і гатаваць у іх, і ня будзе болей ніводнага Хананэя ў доме Госпада Саваофа ў той дзень.