Захарыі 14 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Во, настанець дзень СПАДАРОЎ, і падзеляць глабань тваю сярод цябе,
 
І вось настае дзень Гасподні, калі падзеляць сярод цябе нарабаванае ў цябе.

Бо зьбяру ўсі народы да Ерузаліму на бітву, і места будзе ўзята, і дамы разглабаны, І жанкі паганьбены, і палавіца места пойдзе ў палон, але астача люду ня будзе выгублена зь места.
 
І зьбяру ўсе народы на вайну супроць Ерусаліма, і ўзяты будзе горад, і разрабаваны будуць дамы, і зьняслаўлены будуць жанчыны, і палавіна горада пойдзе ў палон; а астатні народ ня будзе зьнішчаны з горада:

Тады выступе СПАДАР і будзе ваяваць із гэнымі народамі, як ваяваў у дзень бітвы.
 
Тады выступіць Гасподзь і паўстане супроць гэтых народаў, як паўстаў у дзень бітвы.

І стануць ногі Ягоныя таго дня на гары Аліўнай, каторая перад Ерузалімам на ўсход; і раськепіцца гара Аліўная папалам, на ўсход і на захад вельма вялікаю даліною, і адсунецца палавіца гары на поўнач, а палавіца — на паўдня.
 
І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Елеонскай, якая перад абліччам Ерусаліма на ўсход; і раздвоіцца гара Елеонская ад усходу да захаду даволі вялікаю далінаю, і палавіна гары адыдзе на поўнач, а палавіна яе — на поўдзень.

І вы ўцячыце да гаравое даліны, бо гаравая даліна будзе прасьцягацца аж да Ацалу; будзеце ўцякаць, як уцякалі ад трасеньня зямлі за дзён Узі, караля Юдэйскага; і прыйдзе СПАДАР, Бог мой, і ўсі сьвятыя зь Ім.
 
І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх; бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла; і вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, цара Юдэйскага; і прыйдзе Гасподзь Бог мой і ўсе сьвятыя зь Ім.

І станецца таго дня, што ня будзе сьвятліні дарагое, але цемрадзь;
 
І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца.

Але гэта будзе дзень, ведамны СПАДАРУ: ані дзень, ані ноч; але станецца ў вячэрным часе, што будзе сьвятліня.
 
Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло.

І будзе таго дня, што пацякуць жывыя воды зь Ерузаліму, палавіца іх да мора ўсходняга і палавіца іх да мора заходняга; улетку і ўзімку будзе гэта.
 
І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе.

І будзе СПАДАР Каралём над усёю зямлёю; таго дня будзе СПАДАР адзін, і імя Ягонае — адно.
 
І Гасподзь будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго — адзінае.

Уся зямля будзе абернена ў раўніну ад Ґевы аж да Рыммону, на паўдня ад Ерузаліму, і ён будзе ўзьняты а населены на сваім месцу, ад брамы Веняміновае аж да месца Першае брамы, аж да Рагавое брамы, і ад вежы Гананэля аж да таўчэльні каралеўскае.
 
Уся гэта зямля будзе, як раўніна, ад Гаваона да Рэмона, на поўдзень ад Ерусаліма, які высока стаяцьме на сваім месцы і населіцца ад брамаў Веньямінавых да месца першай брамы, да кутняй брамы, і ад вежы Аканэіла да царскіх чавільняў.

І будуць жыць у ім, і ўжо ня будзе там супоўнага выгубленьня, але будзе жыць Ерузалім бясьпечна.
 
І будуць жыць у ім, і праклёну ня будзе больш, а будзе стаяць Ерусалім у бясьпецы.

І во гэткая будзе пацярэбшчына, каторай СПАДАР пацярэбе ўсі люды, што будуць ваяваць ізь Ерузалімам: цела іхнае ссохне, пакуль яны будуць стаяць на нагах сваіх, і вочы іхныя выцякуць ізь ямкаў сваіх, і язык іхны высахне ў роце іхным.
 
І вось якое будзе паганьбеньне, якім пакарае Гасподзь усе народы, якія ваявалі супроць Ерусаліма: у каго зачаўрае цела ягонае, калі ён яшчэ стаіць на сваіх нагах, і вочы ў яго растануць у ямінах сваіх, і язык яго высахне ў роце ў яго.

І станецца таго дня, што вялікая замятня ад СПАДАРА будзе памеж іх, і за руку адзін аднаго схопе, і падыймецца рука ягоная на руку прыяцеля свайго.
 
І будзе ў той дзень: адбудзецца паміж імі вялікая бянтэга ад Госпада, так што адзін схопіць руку другога, і падымецца рука яго на руку блізкага яго.

І Юда таксама будзе ваяваць ізь Ерузалімам, і будзе зьберта багацьце ўсіх акалічных народаў: золата а срэбра а ўборы ў вялікай множасьці.
 
Але і сам Юда будзе ваяваць супроць Ерусаліма, і сабрана будзе багацьце ўсіх навакольных народаў: золата, срэбра і вопратка ў вялікім мностве.

І такая ж будзе пацярэбшчына каня, мула, вярблюда а асла а ўсяе жывёлы, што будзе ў табарах гэтых, як пацярэбшчына гэтая.
 
Будзе такое самае паражэньне і коней і мулаў, і вярблюдаў і аслоў, і ўсякага быдла, якое будзе ў табарах іхніх.

І станецца, што кажны засталы з усіх народаў, што прыходзілі супроці Ерузаліму, будуць ўзыходзіць год у год кланяцца Каралю, СПАДАРУ войскаў, і сьвяткаваць сьвята будак.
 
Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак.

І будзе: каторая з радзімаў зямлі ня ўзыйдзе да Ерузаліму пакланіцца Каралю, СПАДАРУ войскаў, на тых ня будзе йсьці дождж.
 
І будзе: калі якое зь плямёнаў зямных ня пойдзе ў Ерусалім на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, дык ня будзе дажджу ў іх.

І калі радзіма Ягіпецкая ня ўзыйдзе а ня прыйдзе, і ня будзе на іх пацярэбшчыны, якой пацярэбе СПАДАР народы, што ня ўзыходзяць сьвяткаваць сьвята будак,
 
І калі племя Егіпецкае не падымецца ў дарогу і ня прыйдзе сюды, дык і ў яго ня будзе дажджу і спасьцігне яго разгром, якім сьпляжыць Гасподзь народы, што ня прыходзяць сьвяткаваць сьвята кучак.

То за гэта будзе грэх Ягіпту й грэх усім народам, што ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята будак!
 
Вось, што будзе за грэх Егіпта і за грэх усіх народаў, якія ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята кучак!

Таго дня будзе на званкох конскіх: «СЬВЯТАСЬЦЬ СПАДАРУ», і будуць казаны ў доме СПАДАРОВЫМ, як крапільніцы перад аброчнікам.
 
У той час нават на конскіх уборах будзе накрэсьлена: сьвятыня Госпаду, і катлы ў доме Гасподнім будуць, як ахвярныя чары перад алтаром.

І будзе кажны казан у Ерузаліме а ў Юдэі сьвятасьцяй СПАДАРУ войскаў, і прыйдуць усі абракаючыя берці іх, і возьмуць і будуць варыць у іх; і ня будзе болей Канааняніна ў доме СПАДАРА войскаў таго дня.
 
І ўсе катлы ў Ерусаліме і ў Юдэі будуць сьвятыняю Госпада Саваофа, і будуць прыходзіць усе, хто прыносіць ахвяру, і браць іх і гатаваць у іх, і ня будзе болей ніводнага Хананэя ў доме Госпада Саваофа ў той дзень.