Захарыі 4 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І зьвярнуўся тый Ангіл, што гутарыў з імною, і пабудзіў мяне, як людзіну, каторую будзяць зо сну ейнага.
І вярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і разбудзіў мяне, як будзяць чалавека са сну ягонага.
І сказаў імне: «Што бачыш ты?» І я сказаў: «Бачу, і во сьветач увесь із золата з чараю на версе, і сем лянпаў на ім, і сем рулькаў да сямёх лянпаў, што на версе яго.
І сказаў ён мне: што ты бачыш? І адказваў я: бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лампад на ёй, і па сем трубачак у лампадах, якія наверсе яе;
І дзьве алівы ля яго: адна справа чары, а другая зьлева яе».
і дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе.
Тады я адказаваў і казаў Ангілу, што гутарыў з імною: «Што гэта, Спадару мой?»
І адказваў я і сказаў анёлу, які гаварыў са Мною: што гэта, спадару мой?
І адказаў Ангіл, што гутарыў з імною, і сказаў імне: «Ці ты ня ведаеш што гэта?» І сказаў я: «Не, Спадару мой».
І анёл, які гаварыў са мною, адказваў і сказаў мне: ты ня ведаеш, што гэта? І сказаў я: ня ведаю, спадару мой.
І адказаў і гукаў імне, кажучы: «Гэта слова СПАДАРОВА Зэрувавелю, каторае кажа: "Ня войскам ані сілаю, але Духам Маім, — кажа СПАДАР войскаў. —
Тады адказваў ён і сказаў мне так: гэта слова Госпада Зарававелю, у якім сказана: ня войскам і ня сілаю, а Духам Маім, кажа Гасподзь Саваоф.
Хто ты, вялікая гара? перад Зэрувавелям — раўніна, і ён прынясець вугольны камень із гуканьням: ’Ласка, ласка яму!’"»
Хто ты, вялікая гара перад Зарававелем? ты — раўніна, і вынесе ён кутні камень пры шумных ускліканьнях: «мілата, мілата на ім!»
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Рукі Зэрувавелявы палажылі под дому гэтага, і рукі ягоныя скончаць яго; і даведаешся, што СПАДАР войскаў паслаў мяне да вас;
рукі Зарававеля паклалі аснову Дому гэтаму; ягоныя рукі і закончаць яго, і даведаешся, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да вас.
Бо хто пагрэбаваў бы днём дробязяў? бо будуць цешыцца і абачаць праўду ў руццэ Зэрувавеля гэтыя сем ачоў СПАДАРОВЫХ, што абягаюць па ўсёй зямлі».
Бо хто можа лічыць дзень гэты малаважным, калі радасна глядзяць на будаўнічы адвес у руках Зарававелевых тыя сем, — гэта вочы Госпада, якія абдымаюць позіркам усю зямлю?
І адказаў я, і сказаў яму: «Што гэта за дзьве алівы справа сьветча і зьлева яго?»
Тады адказваў я і сказаў яму: што азначаюць тыя дзьве масьліны з правага боку сьвяцільні і зь левага боку яе?
І я адказаў удругава, і сказаў яму: «Што за дзьве аліўныя галузы, каторыя перазь дзьве залатыя рулі выліваюць золата ізь сябе?»
Другі раз загаварыў я і сказаў яму: што азначаюць дзьве масьлічныя галіны, якія празь дзьве залатыя трубачкі выліваюць зь сябе золата?
І ён сказаў імне, кажучы: «Ці ты ня ведаеш, што гэта?» І я сказаў: «Не, Спадару мой!»
І сказаў ён мне: ты ня ведаеш, што гэта? Я адказваў: ня ведаю, спадару мой.
І сказаў ён: «Гэта два памазанцы, што стаяць ля Спадара ўсяе зямлі».
І сказаў ён: гэта два памазаныя алеем, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.