Захарыі 4 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І зьвярнуўся тый Ангіл, што гутарыў з імною, і пабудзіў мяне, як людзіну, каторую будзяць зо сну ейнага.
І павярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і пабудзіў мяне, як чалавека, якога будзяць зо сну ягонага,
І сказаў імне: «Што бачыш ты?» І я сказаў: «Бачу, і во сьветач увесь із золата з чараю на версе, і сем лянпаў на ім, і сем рулькаў да сямёх лянпаў, што на версе яго.
і сказаў мне: “Што ты бачыш?” І я сказаў, кажучы: “Бачу, і вось, сьвечнік, увесь з золата, і чара на версе ягоным, і сем лямпаў ягоных на ім, і сем рурак да лямпаў, якія на версе ягоным,
І дзьве алівы ля яго: адна справа чары, а другая зьлева яе».
і дзьве аліўкі каля яго: адна — з правага боку чары, а другая з левага боку яе”.
Тады я адказаваў і казаў Ангілу, што гутарыў з імною: «Што гэта, Спадару мой?»
І я адказаў, і сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта, пане мой?”
І адказаў Ангіл, што гутарыў з імною, і сказаў імне: «Ці ты ня ведаеш што гэта?» І сказаў я: «Не, Спадару мой».
І адказаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: “Хіба ты ня ведаеш, што гэта?” І я сказаў: “Не, пане мой”.
І адказаў і гукаў імне, кажучы: «Гэта слова СПАДАРОВА Зэрувавелю, каторае кажа: "Ня войскам ані сілаю, але Духам Маім, — кажа СПАДАР войскаў. —
І ён адказаў, і сказаў мне, кажучы: “Гэта слова ГОСПАДА да Зэрубабэля, якое кажа: 'Ня сілаю, і ня моцаю, але Духам Маім, кажа ГОСПАД Магуцьцяў'.
Хто ты, вялікая гара? перад Зэрувавелям — раўніна, і ён прынясець вугольны камень із гуканьням: ’Ласка, ласка яму!’"»
Хто ты, гара вялікая? Перад абліччам Зэрубабэля [ты будзеш] раўніна, і ён прынясе камень вуглавы з гуканьнямі: '[Няхай знойдзе] ласку, [няхай будзе] ласка для яго!'”
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Рукі Зэрувавелявы палажылі под дому гэтага, і рукі ягоныя скончаць яго; і даведаешся, што СПАДАР войскаў паслаў мяне да вас;
“Рукі Зэрубабэля заклалі Дом гэты, і рукі ягоныя скончаць [яго]; і ты даведаешся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да вас.
Бо хто пагрэбаваў бы днём дробязяў? бо будуць цешыцца і абачаць праўду ў руццэ Зэрувавеля гэтыя сем ачоў СПАДАРОВЫХ, што абягаюць па ўсёй зямлі».
Бо тыя, якія пагарджалі днём малых [пачаткаў], будуць радавацца і ўбачаць адвес з волава ў руцэ Зэрубабэля. А гэтыя сем — вочы ГОСПАДА, якія абыходзяць усю зямлю”.
І адказаў я, і сказаў яму: «Што гэта за дзьве алівы справа сьветча і зьлева яго?»
І я адказаў, і сказаў яму: “Што гэта за дзьве аліўкі з правага боку сьветача і з левага боку ягонага?”
І я адказаў удругава, і сказаў яму: «Што за дзьве аліўныя галузы, каторыя перазь дзьве залатыя рулі выліваюць золата ізь сябе?»
І я адказаў другі раз, і сказаў яму: “Што гэта за дзьве галінкі аліўныя, якія праз дзьве залатыя руркі выліваюць золата з сябе?”
І ён сказаў імне, кажучы: «Ці ты ня ведаеш, што гэта?» І я сказаў: «Не, Спадару мой!»
І ён сказаў мне, кажучы: “Хіба ты ня ведаеш, што гэта?” І я сказаў: “Не, пане мой!”
І сказаў ён: «Гэта два памазанцы, што стаяць ля Спадара ўсяе зямлі».
І ён сказаў: “Гэта два сыны алівы, якія стаяць перад ГОСПАДАМ усёй зямлі”.