Захарыі 7 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сталася чацьвертага году караля Дара, што было слова СПАДАРОВА да Захары, чацьвертага дня дзявятага месяца, Хісьлева,
 
І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Дарыя, і было слова ГОСПАДА да Захарыі ў чацьвёрты дзень дзявятага месяца Кісьлеў.

І паслалі бэтэльскія Шэрэцэра а Рэґем-Мелеха а людзёў іхных маліць від СПАДАРОЎ,
 
І паслалі з Бэтэля Шарэцэра і Рэгэм-Мэлеха і людзей іхніх маліць аблічча ГОСПАДА,

Казаць сьвятаром, што ў доме СПАДАРА войскаў, а прарокам, кажучы: «Ці мог бы я плакаць пятага месяца, аддзяліўшыся, як я рабіў гэта так шмат год?»
 
каб сказаць сьвятарам, якія ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў, і прарокам, кажучы: «Ці маю я плакаць у пятым месяцы з пасьвячэньнем, як я рабіў гэта шмат гадоў?»

І было да мяне слова СПАДАРА войскаў, кажучы:
 
І было да мяне слова ГОСПАДА Магуцьцяў, кажучы:

«Гукай усяму люду зямлі і сьвятаром, кажучы: "Як вы поставалі і былі ў жалобе пятага а сёмага месяца гэтыя семдзясят год, ці вы Імне, Імне пост поставалі?
 
«Кажы ўсяму народу і сьвятарам, кажучы: “Калі вы посьцілі і былі ў жалобе ў пятым і ў сёмым месяцы гэтыя семдзясят гадоў, ці вы для Мяне постам посьцілі?

І як вы елі, і як вы пілі, ці ня дзеля сябе вы елі а пілі?
 
І калі вы елі, і калі пілі, ці ж ня дзеля сябе вы елі і пілі?

Ці ня мелі слухаць слоў, што СПАДАР агалашаў першымі прарокамі, як Ерузалім быў населены й быў бясьпечны, і месты яго навокал яго, як неселена было паўдня й раўніна?"»
 
Ці ж [гэта] ня тыя словы, якія абвясьціў ГОСПАД праз рукі прарокаў ранейшых, калі Ерусалім быў заселены і ў супакоі, і гарады ягоныя вакол яго, і Нэгеў, і Шэфэля былі заселеныя?”»

І было слова СПАДАРОВА да Захары, кажучы:
 
І было слова ГОСПАДА да Захарыі, кажучы:

«Гэтак казаў СПАДАР войскаў, кажучы: "Суд праўдзівы судзіце й будзьце міласэрныя а спагадлівыя кажны да брата свайго;
 
«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: “Судзіце суд паводле праўды і будзьце літасьцівыя кожны да брата свайго.

І ўдавы а сіраты, чужаземца а беднага ня ўціскайце, і ліха людзіна супроці брата свайго ня думайце ў сэрцах сваіх".
 
І ўдавы, і сіраты, і прыхадня, і беднага не ўціскайце, і зла ня думайце супраць брата свайго ў сэрцы сваім”.

Але яны адмовіліся ўважаць, і абярнулі бунтоўныя плечы, і ацяжарылі вушы свае, каб ня чуць,
 
Але яны адмовіліся прыхіліць вуха і павярнуліся бунтоўна сьпінаю, і вушы свае зрабілі цяжкімі, каб ня чуць,

І скалянілі сэрцы свае як дыямэнт, каб ня слухаць права а слоў, што пасылаў СПАДАР войскаў Духам Сваім першымі прарокамі; і быў вялікі гнеў ад СПАДАРА войскаў.
 
і сэрцы свае зрабілі як крэмень, каб ня чуць Закону і словаў, якія пасылаў ГОСПАД Магуцьцяў Духам Сваім праз рукі прарокаў; і быў гнеў вялікі ад ГОСПАДА Магуцьцяў.

Затым было: як Я гукаў, а яны ня слухалі, так яны гукалі, а Я ня слухаў, — кажа СПАДАР войскаў. —
 
“І сталася, што калі Я клікаў, яны ня чулі. Так і яны будуць клікаць, і Я ня буду чуць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

І Я разьвеяў іх меж усіх народаў, каторых яны ня зналі, і зямля спусьцела просьле іх, ажно ні водзін чалавек не праходзіў ані зварачаўся, бо яны абярнулі жаданую зямлю ў пустыню».
 
І Я разьвеяў іх паміж усіх народаў, якіх яны ня ведалі, і зямля спустошаная пасьля іх, ажно няма нікога, хто б праходзіў ці вяртаўся. І яны ператварылі зямлю жаданую ў пустэчу”».