Амоса 3 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слухайце слова гэтае, якое ГОСПАД прамовіў да вас, сыны Ізраіля, да ўсёй сям’і, якую Я вывеў з зямлі Эгіпецкай, кажучы:
 
Слухайце слова гэтае, што СПАДАР казаў на вас, сынове Ізраелявы на ўсю радзіму, каторую Я ўзьвёў ізь зямлі Ягіпецкае, кажучы:

“Толькі вас Я пазнаў з усіх плямёнаў зямлі. Таму пакараю вас за ўсе беззаконьні вашыя.
 
«Адно вас Я пазнаў з усіх радзімаў зямлі, затым пакараю вас за ўсі бяспраўі вашы».

Ці пойдуць два [чалавекі] разам, калі яны не дамовіліся?
 
Ці пойдуць два разам, калі ня зышліся?

Ці рыкае леў у лесе, калі ён ня мае здабычы? Ці львяня дае голас свой у логве сваім, калі не злавіла [нічога]?
 
Ці равець леў у лесе, як ён ня мае здабытку? ці левянё выдаець голас свой у бярлозе, калі нічога не злавіла?

Ці можа птушка патрапіць у сіло на зямлі, калі пастка на яе не была [пастаўлена]? Ці сіло рухаецца па зямлі, калі не патрапіла здабыча [ў яго]?
 
Ці можа птушка лучыць у сіло на зямлі, як сіла няма на яе? ці можа сіло падняцца ізь зямлі, як нічога ня ўсілілася?

Калі трубіць у горадзе рог, хіба не дрыжаць людзі? Хіба бывае якое ліха ў горадзе, і ГОСПАД не ўчыніў [яго]?
 
Ці трубе ў месьце рог, і людзі ня дрыжаць? ці бывае ліха ў месьце, і СПАДАР ня ўчыніў?

Бо Госпад ГОСПАД нічога ня робіць, калі не аб’явіць таямніцы Сваёй слугам Сваім, прарокам.
 
Напэўна Спадар СПАДАР нічога ня робе, не аб’явіўшы тайны слугам Сваім, прарокам.

Леў рыкае, хто ня будзе баяцца? Госпад ГОСПАД прамовіў, хто ня будзе прарочыць?
 
Леў зароў, — хто ня будзе баяцца? Спадар СПАДАР загукаў, — хто ня будзе праракаць?

Дайце пачуць [гэта] ў палацах у Ашдодзе і ў палацах у зямлі Эгіпецкай і кажыце: “Зьбярыцеся на гарах Самарыі, і пабачце замяшаньне вялікае сярод яе, і прыгнёт унутры яе”.
 
Прагаласіце ў палацах ашдодзкіх і ў палацах у зямлі Ягіпецкай і скажыце: «Зьбірайцеся на горы самарскія, і абачча вялікую сумятню сярод яе, і ўціскі сярод яе».

І ня ведаюць яны, як рабіць справядліва, кажа ГОСПАД. Яны зьбіраюць гвалт і ліхадзейства ў палацах сваіх.
 
«Бо ня ведаюць як рабіць справядліва, — агалашае СПАДАР, — каторыя ўсілствам а глабаньням зьбіраюць у палацы свае».

Дзеля гэтага кажа Госпад ГОСПАД: “Прыгнятальнік [стане] вакол зямлі гэтай, і ён забярэ ў цябе сілу тваю, і будуць абрабаваныя палацы твае”.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Праціўнік — ён навокал зямлі, і ён адыйме ад цябе сілу тваю, і паглабаны будуць палацы твае».

Гэта кажа ГОСПАД: “Як пастух ратуе з пашчы ільва дзьве галёнкі або кавалак вуха, так будуць выратаваныя сыны Ізраіля, якія жывуць у Самарыі ў куце ложка і ў Дамаску на посьцілцы”.
 
Гэтак кажа СПАДАР: «Як пастух ратуе зь ляпы лявінае дзьве галёнкі альбо кавалак вуха, так будуць уратаваны сынове Ізраелявы, што жывуць у Самары ў куце ложка і ў Дамашку на пасьцелі.

Паслухайце і папярэдзьце дом Якуба, кажа Госпад ГОСПАД, Бог Магуцьцяў.
 
Слухайце й сьветча ў доме Якававым, — агалашае Спадар СПАДАР, Бог войскаў: —

Бо ў той дзень, калі Я наведаю Ізраіль за правіны ягоныя, Я таксама наведаю ахвярнікі Бэтэлю, і будуць адсечаныя рогі ахвярніку, і ўпадуць на зямлю.
 
Таго дня, каторага Я даведаюся да Ізраеля за выступы ягоныя, Я таксама даведаюся да аброчнікаў Бэт-Элю, і адцяты будуць рагі аброчніка, і зваляцца на зямлю.

Я зруйную дом зімовы і дом летні, і загінуць дамы з косьці слановай, і счэзне шмат дамоў, кажа ГОСПАД.
 
І Вытну дом зімовы з домам летным, і шчэзнуць дамы із сланёвае косьці, і будзе канец вялікім дамом», — агалашае СПАДАР.