Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць,
 

але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе».
 

І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву.
 

І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра?
 

Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.
 

А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
 

Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.
 

Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне.
 

Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».
 

І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
 

Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць.
 

І ў першы дзень Праснакоў, калі заколваюць пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»
 

І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
 

І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?'”
 

І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».
 

І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
 

І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю.
 

І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне».
 

Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?»
 

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе.
 

Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся».
 

І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё».
 

І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
 

І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.
 

Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым».
 

І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
 

І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”,
 

але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».
 

А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я».
 

І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».
 

Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі.
 

І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
 

І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
 

І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце».
 

І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна.
 

І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!»
 

І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць?
 

Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае».
 

І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова.
 

І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.
 

І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
 

Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
 

І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.
 

А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна».
 

І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго.
 

Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго.
 

А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха.
 

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне.
 

Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне».
 

І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
 

І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго,
 

але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх.
 

І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі.
 

І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.
 

А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі.
 

Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі.
 

І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
 

«Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную бажніцу гэтую, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”».
 

Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі.
 

І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»
 

А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»
 

А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных».
 

Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
 

Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
 

І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Прароч!» І паслугачы білі Яго па шчоках.
 

І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара
 

і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?»
 

Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень.
 

І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх».
 

А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная».
 

А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце».
 

І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.