Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Была-ж за два дні Пасха й Праснакі. І шукалі першасьвятары й кніжнікі, як узяць яго подступам ды забіць.
Але казалі: Ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэнне ў народзе.
І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона запаветранага й сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравай судзінай дарагога шпіканардовага алейку і разбіўшы алябастар, выліла на галаву ягону.
Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе й гаварылі: Нашто было глуміць гэты алеек?
Бо можна-ж было прадаць яго больш, як за трыста дэнараў ды раздаць убогім. І вайцялі ёй.
Адыж Езус сказаў: Пакіньце. Нашто робіце ёй прыкрасць? Яна зрабіла добры ўчынак адносна мяне.
Убогіх бо вы заўсёды маеце з сабою, і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце; адыж мя-не не заўсёды маеце.
Яна што мела, зрабіла: загадзя намасьціла маё цела к паховінам.
Сапраўды кажу вам, дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й пра тое, што яна зрабіла, на памяць аб ёй.
А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.
Тыя пачуўшы ўсьцешыліся й абяцалі даць яму грошай. І шукаў, як-бы зручною часінай выдаць яго.
А на першы дзень Праснакоў, як ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі й прырыхтавалі табе спажываці Пасху?
І паслаў двух із вучняў сваіх, кажучы ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. За ім ідзеце;
і куды ўвойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель пытаецца: дзе мая гаспода, ў якой спажываціму Пасху з вучнямі маімі?
І ён вам пакажа вяліку сьвятліцу заслану, вось там прыгатуйце нам.
І пайшлі вучні ягоныя, й прыйшлі ў горад, знайшлі там як ім сказаў, ды прыгатавалі Пасху.
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.
І як сядзелі яны й елі, сказаў Езус: Па-праўдзе гавару вам, адзін з вас, што есьць са мною, выдасьць мяне.
Яны-ж пачалі сумаваць і казаць яму паасобку: Ці не я гэта?
А ён кажа ім: Адзін з дванаццацёх, што мачае са мною ў місцы.
Праўда. Сын чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалавеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы; лепш было б не радзіцца чалавеку тому.
І калі яны елі, ўзяў Езус хлеб і, багаславячы, ламаў ды даваў ім, кажучы: Прыймеце, гэта ёсьць цела маё.
І ўзяўшы кіліх ды, ўзнёшшы падзяку, даў ім і пілі з яго ўсе.
І сказаў ім: Гэта кроў мая новага закону, што за многіх будзе праліта.
Сапраўды кажу вам, што ўжо ня піціму з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў валадарсьцьве Божым.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
І гавора ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: Удэру пастыра й рассыплюцца авечкі (Зах. 13:7).
Адыж потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
Пётр-жа яму кажа: Усе згоршацца з цябе, толькі не я.
І сказаў яму Езус: Сапраўды гавару табе, што шчэ сяння ў гэту самую ноч, перш чым двойчы запяе певень, ты тры разы адрачэшся ад мяне.
Адыж ён шчэ болей запэўняў: І хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з табою, не адракуся ад цябе. Гэтаксама і ўсе казалі.
І прыйшлі ў сялібу, званую Гэтсэмані. І кажа вучням сваім: Пасядзеце тутака. пакуль я памалюся.
І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, ды пачаў жахацца і тужыць.
І гавора ім: Сумная душа мая аж да сьмерці, пабудзце гэтта, а ня сьпеце.
І адыйшоўшыся крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.
Й гаварыў: Абба, Ойча! Для цябе ўсё магчымае, аддалі ад мяне гэты кіліх; адыж ня тое, што я хачу, але што ты.
І прыйшоў ды знайшоў іх сплючых. І кажа Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты й адненькай гадзіны вытрываць?
Чуняйце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, але цела немачнае.
Дый зноў адыйшоўшы маліўся тымі самымі славамі.
А вярнуўшыся, знайшоў іх зноў сплючых, вочы бо іх абцяжэлі, й ня ведалі, што яму сказаць.
І прыйходзіць трэці раз ды кажа ім: Вы ўсё йшчэ сьпіце? Годзі! Прыйшла часіна. вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Уставайце, пойдзем! Блізка вось той, што мяне выдасьць.
І калі ён яшчэ гавырыў, прыйходзе Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, а з ім грамада вялікая з мячамі й кіямі ад архісьвятараў і кніжнікаў ды старшын.
А здраднік ягоны даў быў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго й вядзеце асьцярожна.
І прыйшоўшы зараз-жа прыступіўся к яму ды кажа: Вітаю, Раббі! І пацалаваў яго.
Яны-ж налажылі на яго рукі ды ўзялі яго.
Адзін-жа нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага й адцяў яму вуха.
Езус, азваўшыся, гавора ім: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі ўзяць мя-не?
Штодня бываў я ў вас у сьвятыні навучаючы, і вы не ўзялі мяне.
Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, ўсе паўцякалі.
Нейкі-ж юнак ішоў за ім, накінуўшы акрыцьцё панагаму; й таго схапілі,
але ён, пакінуўшы акрыцьцё, голы ўцёк ад іх.
І прывялі Езуса к архісьвятару і зыйшліся ўсе першасьвятары і кніжнікі й старшыны.
Пётр-жа здалёк ішоў за ім аж ў сярэдзіну дворышча архісвятара й сядзеў із слугамі ля вагню грэючыся.
А першасьвятары ды ўся Рада шукалі проці Езуса свядоцтва, каб яго выдаць на сьмерць, і не знайходзілі.
Многія бо выказвалі проці яго хвальшывае пасьветчанне, але ня былі згодныя тыя пасьветчанні.
А некаторыя ўстаўшы крывасьветчылі проці яго, кажучы:
Мы чулі, як ён гаварыў: Я развалю гэтую сьвятыню, рукамі збудаваную, а за тры дні іншую, нярукатворную, пастаўлю.
Але й іхнія сьвядоцтвы не падходзілі.
Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся, ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе закідаюць?
Адыж ён маўчаў і нічога не адказваў. Дык ізноў спытаўся архісьвятар у яго і сказаў яму: Ці ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлёнага?
Езус-жа яму адказвае: Я, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божае й прыходзячага ў ваблакох нябесных.
І архісьвятар, раздзіраючы адзеньне сваё, кажа: Навошта нам яшчэ патрэбны сьветкі?
Вы чулі блюзнерства; як вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што варты сьмерці.
Й пачалі некаторыя на яго пляваць і закрываць твар ягоны ды біць кулакамі, дражнячыся: Прароч! І слугі білі яго па шчоках.
А калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прышла адна з прыслужніц архісьвятарскіх,
і ўбачыўшы грэючагася Пятра, прыгледзялася яму й сказала: І ты-ж быў з Езусам Назарэнскім.
Але ён выракся, кажучы: Ня ведаю й не разумею, што гаворыш. Ды выйшаў навонкі на прыдворышча, і засьпяваў певень.
Дзяўчына-ж ізноў, як убачыла яго, пачала казаць стаяўшым навокал: Гэты із іх.
Адыж ён другі раз выракся. І крыху счакаўшы тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: Сапраўды ты із іх, бо ты й Галілеец.
І аж пачаў клясьціся й прысягацца: Ня знаю чалавека гэнага, аб якім гутарыце.
Тады певень запяяў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш, чым певень двойчы заспявае, ты тры разы ад мяне адрачэшся. Ды пачаў плакаць.