Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць,
 
А праз два дні была́ Пасха і свята праснако́ў; і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як узяць Яго хітрасцю і забіць;

але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе».
 
але казалі: толькі не ў свята, каб не было абурэ́ння ў народзе.

І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву.
 
І калі быў Ён у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага, і ўзляжа́ў, — прыйшла жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра з на́рду чыстага і шматкашто́ўнага і, разбíўшы пасу́дзіну, узліва́ла Яму на галаву.

І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра?
 
Былí ж некаторыя, што абу́рыліся і гаварылі паміж сабою: навошта гэтая тра́та мíра?

Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.
 
Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў і раздаць убогім. І папракалі яе.

А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
 
Але Іісус сказаў: пакіньце яе, навошта яе бянтэ́жыце? Яна добрую справу зрабіла для Мяне.

Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.
 
Бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою і, калі хочаце, можаце дабро ім рабіць; а Мяне не заўсёды ма́еце.

Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне.
 
Яна зрабіла, што магла: за́гадзя пама́зала Маё це́ла для пахава́ння.

Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».
 
Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, дык і пра тое, што́ зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.

І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
 
І пайшоў Іуда Іскарыёт, адзін з двана́ццаці, да першасвятаро́ў, каб вы́даць Яго ім.

Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць.
 
Яны ж, пачуўшы, узра́даваліся і абяцалі яму даць срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе вы́даць Яго.

І ў першы дзень Праснакоў, калі заколваюць пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»
 
І ў першы дзень праснако́ў, калі прыно́сілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Яго: дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці пасху?

І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
 
І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзіце ў горад; і сустрэне вас чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце за ім.

І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?'”
 
І, куды ён увойдзе, скажы́це гаспадару́ таго дома: «Настаўнік кажа: дзе святлíца, у якой Мне есці пасху з вучнямі Маімі?»

І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».
 
І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, засла́ны, гатовы; там прыгату́йце нам.

І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
 
І пайшлі вучні Яго, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.

І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю.
 
І калі звечарэ́ла, прыходзіць Ён з двана́ццаццю.

І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне».
 
І калі ўзляжа́лі яны і елі, сказаў Іісус: праўду кажу вам, адзін з вас, які есць са Мною, вы́дасць Мяне.

Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?»
 
Яны ж засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму адзін за адным: ці не я? і другі: ці не я?

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе.
 
Ён жа сказаў ім у адказ: адзін з двана́ццаці, хто мача́е са Мною ў блю́да.

Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся».
 
Зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.

І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё».
 
І калі яны елі, Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і даў ім, і сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.

І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
 
І, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў ім; і пілí з яе ўсе.

І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.
 
І сказаў ім: гэта Кроў Мая́ новага запаве́ту, якая за многіх праліва́ецца.

Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым».
 
Праўду кажу вам, што больш не буду піць ад плоду вінагра́днага да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.

І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
 
І, праспяваўшы хвалу́, яны пайшлі на гару́ Елео́нскую.

І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”,
 
І кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: «паражу́ па́стыра і рассе́юцца авечкі».

але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».
 
Але пасля ўваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галіле́і.

А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я».
 
А Пётр сказаў Яму: хоць і ўсе ўсумня́цца, але не я.

І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».
 
І кажа яму Іісус: праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.

Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі.
 
А ён яшчэ насто́йлівей гаварыў: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Гэтаксама і ўсе гаварылі.

І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
 
І прыйшлі ў мясціну пад назвай Гефсіма́нія, і кажа Ён вучням Сваім: пасядзíце тут, пакуль Я пайду памалю́ся.

І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
 
І бярэ Пятра, Іакава і Іаана з Сабою; і пачаў журы́цца і тужы́ць.

І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце».
 
І кажа ім: смутку́е душа́ Мая́ смяро́тна; пабу́дзьце тут і не спíце.

І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна.
 
І, адышоўшы крыху́, упаў на зямлю́ і маліўся, каб, калі магчыма, абміну́ў Яго час гэты;

І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!»
 
і гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе; пранясі чашу гэтую міма Мяне, але не чаго Я хачу, а чаго Ты.

І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць?
 
І прыхо́дзіць, і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сíмане, ты спіш? не змог ты адной гадзíны не паспаць?

Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае».
 
Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.

І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова.
 
І зноў, адышоўшы, маліўся, ка́жучы тое ж слова.

І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.
 
І, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць; бо вочы ў іх ацяжэ́лі; і не ведалі яны, што Яму адказаць.

І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
 
І прыхо́дзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце. Го́дзе, настаў час: вось, аддае́цца Сын Чалавечы ў ру́кі грэшнікаў.

Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
 
Уставайце, хадзе́м; вось, наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.

І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.
 
І адразу, калі яшчэ Ён гаварыў, прыхо́дзіць Іуда, адзін з двана́ццаці, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў, і кніжнікаў, і старэйшын.

А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна».
 
А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго і вядзіце пíльна.

І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго.
 
І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Раввí, Раввí! і пацалаваў Яго.

Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго.
 
А яны ўскла́лі ру́кі свае на Яго і ўзялí Яго.

А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха.
 
Адзін жа з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба́ першасвятаровага і адсе́к яму ву́ха.

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне.
 
І, звярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: бы́ццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?

Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне».
 
Штодня́ бываў Я з вамі ў храме, навуча́ючы, і вы не ўзялí Мяне; але няхай збу́дуцца Пісанні.

І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
 
І, пакінуўшы Яго, усе паўцяка́лі.

І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго,
 
І адзін юнак, накінуўшы палатно на голае це́ла, ішоў за Ім; і юнакí хапа́юць яго.

але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх.
 
Ён жа, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.

І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі.
 
І прывялі Іісуса да першасвятара́; і збіраюцца да яго ўсе першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны.

І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.
 
І Пётр воддаль услед за Ім ішоў аж усярэ́дзіну двара́ першасвятаро́вага, і сядзеў са слу́гамі, і грэўся каля агню.

А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі.
 
А першасвятары́ і ўвесь сінедрыён шукалі све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі.

Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі.
 
Бо многія лжыва све́дчылі су́праць Яго, але све́дчанні іх не супада́лі.

І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
 
І некаторыя, устаўшы, ілжыва све́дчылі су́праць Яго, ка́жучы:

«Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную бажніцу гэтую, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”».
 
мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру́ храм гэты рукатво́рны і праз тры дні ўзвяду́ іншы, нерукатворны».

Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі.
 
Але і так све́дчанне іх не супада́ла.

І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»
 
Тады першасвятар, стаўшы пасярэ́дзіне, спытаў Іісуса, ка́жучы: не адказваеш нічога? што́ яны су́праць Цябе све́дчаць?

А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»
 
Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага?

А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных».
 
Іісус жа сказаў: Я. І вы ўбачыце Сы́на Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на во́блаках нябесных.

Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
 
Першасвятар жа, разадра́ўшы адзе́нне сваё, кажа: якую яшчэ патрэбу мы ма́ем у све́дках?

Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
 
Вы чулі блюзне́рства: як вам здае́цца́ Яны ж усе прысудзíлі, што Ён ва́рты смерці.

І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Прароч!» І паслугачы білі Яго па шчоках.
 
І пачалí некаторыя пляваць на Яго і, закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: прароч. І слу́гі білі Яго па шчоках.

І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара
 
І калі Пётр быў на двары ўнíзе, падыходзіць адна са служанак першасвятара́

і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?»
 
і, убачыўшы, як Пётр грэ́ецца, углядзе́лася ў яго і кажа: і ты быў з Назаранíнам Іісусам.

Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень.
 
Ён жа адрокся, ка́жучы: не ведаю і не разумею, што́ ты гаворыш. і выйшаў адтуль на пярэдні двор; і заспяваў певень.

І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх».
 
І служанка, убачыўшы яго зноў, пачала́ казаць тым, што стаялі тут: гэты з іх.

А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная».
 
Ён жа зноў адрака́ўся. І неўзаба́ве зноў тыя, што стаялі там, казалі Пятру: сапраўды́ ты з іх, бо ты галіле́янін, і гаворка твая падобная.

А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце».
 
Ён жа пачаў кля́сціся і бажы́цца: не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце.

І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.
 
І другі раз заспяваў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Іісус: перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы. І пачаў плакаць.