Марка 6 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім.
 
І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў на ба́цькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.

І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго?
 
І калі настала субота, пачаў Ён вучы́ць у сінагозе, і многія слухачы́ дзівіліся, ка́жучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць да́дзена Яму, і як такія цуды тво́рацца рукамі Яго?

Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся праз Яго.
 
Ці не цясля́р гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасíі, Іуды і Сíмана? і ці не сёстры Яго тут сярод нас? І сумнява́ліся ў Ім.

А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім».
 
Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без паша́ны, хіба́ толькі на ба́цькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.

І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў.
 
І не мог там ніякага цу́ду ствары́ць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх ру́кі, ацалíў.

І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы.
 
І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных се́лішчах, навучаючы.

І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
 
І, паклíкаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім ула́ду над нячыстымі ду́хамі.

І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе,
 
І наказа́ў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хле́ба, ні медзі ў поясе;

але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі.
 
але абува́цца ў санда́лі і не насіць дзвюх адзе́жын.

І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль.
 
І казаў ім: калі дзе ўво́йдзеце ў дом, застава́йцеся ў ім, пакуль не по́йдзеце адтуль;

І калі хто ня прыйме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму».
 
і калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца вас, то выхо́дзячы адтуль, абтрасíце пыл з ног вашых у све́дчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садо́му і Гамо́ры ў дзень су́дны, чым гораду таму.

І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся,
 
І, пайшоўшы, яны прапаве́давалі пакая́нне,

і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі.
 
і дэманаў многіх выганя́лі, і пама́звалі алеем многіх хворых, і ацаля́лі.

І пачуў валадар Ірад [пра Яго], бо імя Ягонае сталася вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго».
 
І дачу́ўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя́ Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысцíцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзе́юцца ім.

Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў».
 
Іншыя казалі: гэта Ілія́, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.

Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых».
 
А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсе́к галаву, ён паўстаў з мёртвых.

Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.
 
Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звяза́ў яго ў цямніцы з-за Ірадыя́ды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.

Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».
 
Бо Іаан казаў Іраду: не нале́жыць табе мець жонку брата твайго.

А сама Ірадыяда злавала на [Яна] і хацела яго зьнішчыць, але не магла,
 
А Ірадыя́да, гне́ваючыся на яго, жада́ла яго забіць, ды не магла.

бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго, і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.
 
Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.

І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды народзін сваіх справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх,
 
І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ла́дзіў пір вяльможам сваім, тысячанача́льнікам і старэйшынам Галілейскім,

дачка Ірадыяды ўвайшла і танчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе».
 
і ўвайшла дачка́ Ірадыя́ды, і танцавала, і дагадзíла Іраду і тым, што ўзляжа́лі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.

І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго».
 
І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.

Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».
 
Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысцíцеля.

І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля».
 
І яна адразу, паспе́шліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, ка́жучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блю́дзе галаву Іаана Хрысцíцеля.

І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць.
 
І засмуціўся цар, але дзе́ля клятвы і тых, што ўзляжа́лі з ім, не захацеў адмовіць ёй.

І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго.
 
І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прыне́сці галаву яго.

Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй.
 
Той, пайшоўшы, адсе́к яму галаву ў цямніцы і прынёс на блю́дзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала́ яе маці сваёй.

І, пачуўшы [пра гэта], вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу.
 
І, дачу́ўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялí це́ла яго, і паклалі яго ў магілу.

І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.
 
І сабра́ліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.

І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.
 
І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэ́льнае месца і адпачнíце крыху́. Бо многія прыхо́дзілі і адыхо́дзілі, так што і паесці ім не было́ калі.

І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.
 
І адправіліся яны ў пустэ́льнае месца на лодцы асобна.

І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.
 
І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехато́ю з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэ́дзілі іх, і сышлíся да Яго.

І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.
 
І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былí як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучы́ць многа.

І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.
 
І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэ́льнае, і ўжо час позні,

Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці».
 
адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды се́лішчы і купілі сабе хле́ба, бо не маюць чаго есці.

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»
 
Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купíць хлябо́ў дына́рыяў на дзвесце і даць ім есці?

Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».
 
Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў ма́еце? ідзіце і паглядзíце. І, даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.

І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.
 
І загадаў ім рассадзíць усіх групамі на зялёнай траве.

І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.
 
І ўзляглí ў рады́ па сто і па пяцьдзесят.

І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.
 
І, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламíў хлябы́, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.

І елі ўсе, і наеліся.
 
І елі ўсе і насы́ціліся.

І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.
 
І назбіралі кавалкаў хле́ба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.

А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.
 
А было тых, што елі хлябы́, каля пяці тысяч мужчын.

І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп.
 
І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаíды, пакуль Ён адпу́сціць людзей.

І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца.
 
І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памалíцца.

І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
 
І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.

І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.
 
І ўбачыў іх, знясíленых веслава́ннем, бо вецер дзьмуў насу́праць ім; і каля чацвёртай ва́рты ночы наблізіўся да іх, ідучы́ па моры, і хацеў абміну́ць іх.

Яны, убачыўшы Яго, як Ён ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
 
Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта пры́від, і закрычалі.

Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!»
 
Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. і адразу загаварыў з імі і сказаў ім: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.

І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся,
 
І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суня́ўся. І яны надзвы́чай былі ўзру́шаныя ў сабе і здзіўляліся.

бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае.
 
Бо не ўразуме́лі таго, што адбыло́ся з хляба́мі, бо сэрца ў іх было́ скамяне́лае.

І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу.
 
І, перапра́віўшыся, прыбылí ў зямлю Генісарэ́цкую, і прысталі да берага.

І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго,
 
І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазна́лі Яго,

абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.
 
і, аббегшы ўсё наваколле тое, пачалí на пасцелях прыно́сіць хворых туды, дзе, па чу́тках, быў Ён.

І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.
 
І куды б ні прыхо́дзіў Ён, у пасе́лішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на лю́дных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да кра́ю адзе́ння Яго дакрану́цца; і тыя, што дакрана́ліся да Яго, уратоўваліся.