Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.
І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у вучэньні Сваім:
І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.
І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.
І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.
Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;
Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;
а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.
калі ж сонца падняло́ся — завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.
А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.
Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.
А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно — трыццаць, адно — шэсьцьдзясят, і адно — сто».
А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.
Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.
І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,
І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».
каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.
І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?
І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?
Сейбіт слова сее.
Се́йбіт слова сее.
Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.
І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.
Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,
Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,
але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.
але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.
А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,
А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,
але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.
А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзясят, а іншы — сто».
А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?
І сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?
Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.
Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.
Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.
І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.
Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».
Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.
І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.
І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;
І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.
і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.
Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.
Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».
Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.
І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?
І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?
Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;
Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,
а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў ценю яго».
а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.
І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,
І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.
і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.
Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».
І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.
І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.
І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.
І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].
І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.
А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»
А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гíнем?
І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.
І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.
І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»
І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?
І яны спалохаліся страхам вялікім, і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»
І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?