Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І ізноў пача́ў навучаць ля мора; і быў сабра́ны вакол Яго натоўп шматлюдны, так што Ён увайшоўшы ў човен быў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі каля мора.
 
І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.

І вучыў іх прыповесьцямі многімі і казаў ім у вучэньні Сваім:
 
І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:

слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.
 
слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.

І сталася, калі сеяў, іншае ўпала каля дарогі, і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.
 
І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.

А іншае ўпала на камяністую (мясьціну), дзе ня было шмат зямлі, і няўзабаве ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая.
 
Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;

А калі ўзыйшло сонца, (яно) завяла, і як ня мела карэньня, засохла.
 
калі ж сонца падняло́ся — завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.

А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні і заглушылі яго, і (яно) ня дало́ плоду.
 
Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.

А іншае ўпала на до́брую зямлю і дало́ плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла іншае трыццаць, іншае шэсьцьдзясят, іншае стокрот.
 
А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.

І казаў ім: хто мае вушы чуць, хай чуе!
 
І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

Калі ж (Ён) застаўся адзін (бяз народу), тыя, каторыя былі каля Яго разам з дванаццацьцю, запыталі Яго пра прыповесьць.
 
Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.

І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайну Валадарства Бога. А тым, вонкавым, усё падае́цца ў прыповесьцях.
 
І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;

Каб, угляда́ючыся, глядзелі і ня ўбачылі; і, чу́ючы, слухалі і ня маглі ўразумець, што ім трэба навярнуцца (да Мяне), і каб былí дараваны ім грахі.
 
каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.

І кажа ім: ня разумееце гэтай прыповесьці? І як уразумееце ўсе прыповесьці?
 
І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?

Сейбіт Слова сее.
 
Се́йбіт слова сее.

І пасеянае (Слова) пры дарозе азначае тых, якія пачуюць Слова, але адразу прыходзіць шатан і адбірае Слова, што пасеяна ў сэрцах іхных.
 
І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.

А пасеянае (Слова) на камяністыя мясьціны азначае тых, якія, калі пачуюць Слова, зараз жа з радасьцю прыймаюць яго,
 
Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,

але ня маюць у сабе кораня і няўгрунтаваныя; потым калі настае ўціск ці гане́ньне за Слова, адразу адступаюцца.
 
але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.

А тыя што пасеяны ў це́рні, азначаюць тых, каторыя чуюць Слова,
 
А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,

але турботы веку гэтага і прынада багацьця і іншыя пажаданьні ўваходзячы (у іх) заглушаюць Слова, і яно робіцца бяспло́дным.
 
але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.

А пасеяныя ў добрую зямлю, азначаюць тых, што чуюць Слова, і прыймаюць (яго), і даюць плод у трыццаць і ў шэсьцьдзесят і ў сто (разоў).
 
А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.

І казаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб быць пастаўленай пад пасудзіну ці пад ложак? Не, але каб быць пастаўленай на сьвечніку.
 
І сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?

Бо няма нічога тайнага, каб ня зрабілася яўным, і нішто ня сталася схава́ным, але каб зьявілася вядомым.
 
Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.

Калі хто мае вушы чуць, хай слухае!
 
Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

І казаў ім: будзьце ўважлівымі да таго, што чуеце: якою мераю мераеце, гэткаю і вам адмерана будзе і дададзена будзе вам, слухаючым.
 
І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.

Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое што мае.
 
Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.

І казаў: Валадарства Бога ёсьць падобна таму, як калі б чалавек кінуў насеньне ў зямлю;
 
І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;

і сьпіць, і ўстае ўначы і ўдзень, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ён ня ведае.
 
і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.

Бо сама зямля родзіць сьпярша рунь, пасьля колас, пасьля поўнае зерне ў коласе,
 
Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.

а калі высьпее плод зараз жа пасылае серп, бо надыйшло жніво.
 
Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.

І казаў: да чаго прыпадобнім Валадарства Бога? альбо празь якую прыповесьць выявім Яго?
 
І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?

(Яно) падобна гарчычнаму зярняці якое, калі (яно) пасеяна ў зямлю (яно) ёсьць меншае за ўсіх зярнят на зямлі.
 
Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,

А калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую агаро́дніну, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць гнязьдзіцца птушкі нябесныя.
 
а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.

І многімі гэткімі прыповесьцямі казаў ім Слова, колькі (яны) маглі слухаць;
 
І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.

і бяз прыповесьці ня казаў ім, а вучням Сваім насамоце тлумачыў усё.
 
Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.

І ўвечары таго самага дня гаворыць ім: пераправімся на той бок.
 
І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.

І адпусьціўшы народ бяруць Яго з сабою, як быў у чаўне; былі разам зь Ім і другія чаўны.
 
І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.

І ўзьнімаецца вялікая бура; і хвалі білі ў човен, так што ён ужо пачаў напаўняцца (вадою).
 
І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.

А Ён спаў на карме, на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Цябе ня рупіць што мы гінем?
 
А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гíнем?

І ўстаўшы забараніў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.
 
І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.

І сказаў ім: чаму вы гэткія палахлівыя? чаму ня маеце веры?
 
І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?

І споўніліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: хто ж Ён, што і вецер і мора слухаюцца Яго?
 
І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?