Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
У тыя дні, як сабралася дужа многа народу, і ня мелі чаго паесьці, Ісус клікнуўшы вучняў Сваіх кажа ім:
У тыя дні, калі сабра́лася многа народу і не ме́лі чаго есці, Іісус, паклíкаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
шкада (Мне) народу, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці;
шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не ма́юць чаго есці.
і калі адпушчу іх дамоў галоднымі, нікаторыя аслабеюць у дарозе, бо яны прыйшлі здалёку.
І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
І вучні Ягоныя адказалі Яму: якім чынам тут у пустэльні хто зможа накарміць іх хлебам?
І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хле́бам тут, у пусты́ні?
І пытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: сем.
І спытаў у іх: колькі ў вас хлябо́ў? Яны адказалі: сем.
Тады загадаў народу ўзьлегці на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў (ды) падзякаваўшы, паламаў і аддаў вучням Сваім, каб разда́лі. І (яны) разда́лі народу.
Тады загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябо́ў, узнёсшы падзяку, пераламíў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалí лю́дзям.
І мелі (яны) некалькі рыбак; і багаславіўшы сказаў раздаць і іх.
І ме́лі некалькі ры́бінак: і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
І паелі і насыціліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кошыкаў.
І елі, і насы́ціліся; і назбіралі рэ́шты кавалкаў сем кашоў.
І было пад’еўшых каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.
А было́ тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусцíў іх.
І адразу ўвайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі прыплыў у межы Далмануты.
І адразу ўвайшоў у лодку і прыбы́ў з вучнямі Сваімі ў ме́жы Далману́фскія.
І выйшлі хварысэі, ды пача́лі зь Ім спрачацца, патрабуючы ад Яго знаку зь неба, спакушаючы Яго.
І выйшлі фарысеі і пачалí спрачацца з Ім, дамага́ючыся ад Яго знаме́ння з неба, спакуша́ючы Яго.
І са стогнам у Духу Ён гаворыць: для чаго род гэты патрабуе знаку? Праўду кажу вам, ня будзе даны знак роду гэтаму.
І Ён, уздыхну́ўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знаме́ння патрабу́е? Праўду кажу вам: не будзе да́дзена роду гэтаму знаме́нне.
І пакінуўшы іх ізноў увайшоў у човен, адплыў на той бок.
І, пакíнуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.
І забыліся ўзяць хлябоў і акрамя аднаго хлеба нічога ня мелі з сабою ў чаўне.
І забы́ліся вучні Яго ўзяць хлябо́ў, і акрамя аднаго хлеба не ме́лі з сабой у лодцы.
А (Ён) наказаваў ім кажучы: глядзеце сьцеражыцеся кісьлі хварысэяў і кісьлі Гірада.
І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзíце, сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і заква́скі Ірадавай.
І разважалі між сабою кажучы: (гэта што) хлябоў ня маем.
І разважа́лі між сабой, ка́жучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
І, уразумеўшы, Ісус кажа ім: чаго разважаеце, што хлябоў ня маеце? Няўжо яшчэ ня разумееце і ня цяміце? Няўжо (дагэтуль) маеце сэрца вашае скамянеўшым?
І, ве́даючы, Іісус кажа ім: чаму разважа́еце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэ́туль скамяне́лае сэ́рца ваша?
Маючы вочы ня бачыце? І маючы вушы ня чуеце? І ня помніце?
Вочы ма́ючы, не бачыце? ву́шы ма́ючы, не чуеце? і не па́мятаеце?
Калі (Я) пяць хлябоў разламаў на пяць тысячаў, колькі поўных кошыкаў кавалкаў (вы) сабралі? Кажуць Яму: дванаццаць.
Калі пяць хлябоў пераламíў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіра́лі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
А калі сем — на чатыры тысячы, колькі поўных кошыкаў кавалкаў (вы) сабралі? Яны ж сказалі: сем.
А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набра́лі? Яны ж адказалі: сем.
І казаў ім: як жа ня разумееце?
І сказаў ім: як жа не разумееце?
І прыходзіць да Бэтсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
І прыхо́дзіць у Віфсаíду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.
І ўзяўшы сьляпога за руку́ вывеў яго за сяло і плюнуўшы яму на вочы, усклаўшы Ру́кі на яго спытаўся ў яго, ці бачыць што небудзь?
І, узяўшы за руку́ сляпога, вы́веў яго за пасе́лішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы ру́кі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.
І той празерыўшы сказаў: бачу людзей, бачу ходзяць як дрэвы.
Той, агле́дзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нíбы дрэвы, што ходзяць.
Потым ізноў палажыў Ру́кі на вочы яму і зрабіў, каб ён бачыў. І (ён) быў аздароўлены і ўбачыў усіх ясна.
Потым зноў усклаў ру́кі на вочы яго і зрабіў яго віду́шчым. І ацалíўся той, і стаў бачыць усё выра́зна.
І паслаў яго дамоў кажучы: і ў сяло ня заходзь, і ня расказвай нікому ў сяле.
І адаслаў яго ў дом, ка́жучы: у пасе́лішча не заходзь і не расказвай нікому ў пасе́лішчы.
І пайшоў Ісус і вучні Ягоныя ў сёлы Кесары Піліпавай. І па дарозе (Ён) пытаўся вучняў Сваіх кажучы ім: за каго Мяне лічаць людзі?
І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў пасе́лішчы Кесары́і Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы ім: за каго Мяне прыма́юць людзі?
Яны ж адказалі: за Яана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў.
А яны адказалі: за Іаана Хрысцíцеля, іншыя — за Ілію́, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
Тады Ён кажа ім: а вы за Каго Мяне ўважаеце? І адказваючы Пётра кажа Яму: Ты ёсьць Хрыстос.
Ён сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
І строга забараніў ім, каб нікому ня казалі пра Яго.
І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
І пачаў навучаць іх, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць і быць адкінутым старэйшынамі і архірэямі і кніжнікамі і быць забітым, і цераз тры дні ўваскрэснуць.
І пачаў вучы́ць іх, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.
І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётра адклікаўшы Яго пачаў пярэчыць Яму.
І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаво́рваць Яго.
А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх строга забараніў Пятру кажучы: адыйдзі ад Мяне, шатан, бо клапоцішся ня пра тое, што Божае, але што чалавечае.
А Ён, абярну́ўшыся і паглядзе́ўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, ка́жучы: адыдзí ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
І паклікаўшы народ разам з вучнямі Сваімі сказаў ім: хто хоча пайсьці за Мною, адрачыся ад самога сябе і вазьмі крыж свой і ідзі ўсьлед за Мною.
І, паклíкаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.
Бо хто хоча жыцьцё сваё ўратаваць, той страціць яго; а хто страціць жыцьцё сваё за Мяне і Эвангельле, той ўратуе яго.
Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне і Ева́нгелля, той урату́е яе.
Бо якая карысьць чалавеку, калі (ён) здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
Бо якую кары́сць будзе мець чалавек, калі ён здабу́дзе ўвесь свет, а пашко́дзіць душы́ сваёй?
Альбо, які выкуп дасьць чалавек за душу́ сваю?
Альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх Словаў у родзе гэтым пералюбным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў Славе Ба́цькі Свайго са сьвятымі Ангеламі.
Бо хто пасаро́меецца Мяне і слоў Маіх перад родам гэтым пралюбадзе́йным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Айца Свайго з Ангеламі святымі.