Да Рымлянаў 14 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Слабога ў веры прымайце без спрэчак пра погляды.
 
Слабога ў веры прыймайце, ня спрачаючыся пра погляды.

Бо адзін верыць, што [можна] есці ўсё, а слабы есць гародніну.
 
Бо адзін верыць, што яму ўсё можна есьці, а слабы есьць гародніну.

Той, хто есць, хай не грэбуе тым, які не есць; і той, хто не есць, хай не асуджае таго, хто есць, бо Бог яго прыняў.
 
Той, хто есьць (усё), хай ня грэбуе тым, каторы ня (усё) есьць; і той, хто ня есьць, хай не асуджае таго, хто есьць, бо Бог яго спагадна прыняў.

Хто ты такі, што судзіш чужога паслугача? Перад Сваім Валадаром ён стаіць ці падае; і будзе стаяць, бо яго Бог мае моц паставіць яго.
 
Хто ты такі, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць ці падае; і будзе стаяць, бо яго Госпад мае моц утрымаць яго (на нагах).

Адзін адрознівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы; хай кожны застаецца пры сваім розуме.
 
Адзін адрозьнівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы; хай кожны застаецца пры сваёй думцы.

Хто адрознівае дні, адрознівае іх дзеля Госпада; і хто не адрознівае дзень, дзеля Госпада не адрознівае. І хто есць, есць дзеля Госпада, бо Богу дзякуе; і хто не есць, не есць дзеля Госпада і дзякуе Богу.
 
Хто захоўвае некаторыя дні, захоўвае іх дзеля Госпада, і хто есьць (усё), есьць дзеля Госпада, бо Богу дзякуе; і хто ня есьць (ўсё), ня есьць дзеля Госпада, і дзякуе Богу.

Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе.
 
Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе.

Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму, вось, ці жывём, ці паміраем, належым Госпаду.
 
Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму вось ці ў жыцьці, ці і ў сьмерці, належым да Госпада.

На тое бо Хрыстос памёр, і ўваскрос, і ажыў, каб валадарыць і над жывымі, і над памерлымі.
 
На тое бо Хрыстос памёр і ажыў, каб валадарыць і над жывымі, і над памёршымі.

Дык чаму ты судзіш брата твайго? Або чаму пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад судом Хрыста.
 
Дык чаму ты судзіш брата твайго? Або чаму пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад судом Божым.

Напісана ж: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».
 
Напісана ж: "На Маё жыцьцё, — кажа Госпад, — перада Мною сагнецца кожнае калена, ды кожны язык будзе вызнаваць Бога".

Так вось кожны з нас за сябе здасць справаздачу Богу.
 
Так вось кожны з нас за сябе самога здасьць справаздачу Богу.

Дык не будзем болей судзіць адзін аднаго, а лепш падумаем, каб не прыносіць брату ўпадку або згаршэння.
 
Дык перастаньма судзіць адзін аднаго, а лепш думай, каб не даваць брату магчамасьці да ўпадку або згаршэньня.

Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога, што само ў сабе нячыстае, а толькі для таго нячыстае, хто лічыць гэта нячыстым.
 
Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Езусе, што няма нічога, што само ў сабе нячыстае, а толькі для таго нячыстае, хто лічыць гэта нячыстым.

Калі ж дзеля стравы засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю сваёй таго, за каго памёр Хрыстос!
 
Калі ж дзеля стравы засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю таго, за каго памер Хрыстос!

Дык хай не будзе зняважана дабро ваша!
 
Дык хай ня будзе зьняважана дабро вашае!

Бо Валадарства Божае — гэта не ежа або пітво, але справядлівасць і супакой ды радасць у Духу Святым.
 
Бо Каралеўства Божае — гэта ня ежа або піцьцё, але справядлівасьць, супакой ды радасьць у Духу Сьвятым.

Бо хто гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і даспадобы людзям.
 
Хто бо гэтак служыць Хрысту, той падабаецца Богу і даспадобы людзям.

Дык будзем дбаць пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага збудавання.
 
Дык дбайма пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага збудаваньня.

Таму не руйнуй справы Божай дзеля ежы! Па праўдзе ўсё чыстае, але гора чалавеку, які есць на перашкоду.
 
Таму не руйнуй закону Божага дзеля ежы! Па праўдзе, кожная рэч чыстая, сталася б аднак благой таму чалавеку, каторы есьць, горшучы другіх.

Добра не есці мяса, не піць віна ды не рабіць таго, што шкодзіць брату твайму, ці згаршае яго, ці ў чым ён мае слабасць.
 
Добра ня есьці мяса, ня піць віна ды не рабіць таго, што магло б згоршыць брата твайго.

Сваю веру захавай у сабе і май перад Богам. Шчасны той, хто не асуджае сябе ў тым, што прызнае.
 
Сваю веру захавай у сабе і мей перад Богам. Шчасьлівы той, хто не сумняваецца ў тым, што пастанаўляе.

А хто сумняваецца, той, калі есць, сябе асуджае, бо робіць не па веры. А ўсё, што не па веры, ёсць грэх.
 
А хто сумняваецца, той, калі есьць, сябе асуджае, што (робіць) не па веры. А ўсё, што (робіцца) не па веры, ёсьць грэх.

А Таму, Які мае магутнасць умацаваць вас паводле Евангелля ды майго абвяшчэння Ісуса Хрыста, паводле адкрыцця таямніцы, даўнейшымі вякамі схаванай,
 

а цяпер аб’яўленай і прароцкімі лістамі па загадзе спрадвечнага Бога абвешчанай усім народам для паслухмянасці іх у веры,
 

адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста слава навечна. Амін.