Ёіля 3 разьдзел
Кніга прарока Ёіля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Бо, вось жа, у тыя дні і ў той час, калі Я змяню лёс Юды і Ерузаліма,
Я збяру ўсе народы і завяду іх у даліну Язафата, і там учыню суд над імі за народ Мой і за спадчыну Маю, ізраэльцаў, якіх яны раскідалі паміж народамі, а зямлю Маю падзялілі.
І пра народ Мой кідалі жэрабя, і аддавалі юнака за блудніцу, а дзяўчыну прадавалі за віно, каб пілі.
І што Мне вы, Тыр і Сідон, і ўсе акругі філістынскія? Ці вы хочаце адпомсціць Мне? Калі вы Мне такую помсту чыніце, вельмі хутка Я вашу помсту павярну на галаву вашу.
Забралі вы срэбра Маё і золата, і забралі каштоўнасці Мае, і занеслі ў святыні вашы.
Сыноў Юды і сыноў Ерузаліма прадавалі вы сынам Грэцыі, каб аддаліць іх ад межаў сваіх.
Вось жа, Я выведу іх з месца, у якое вы іх прадалі, і помсту вашу павярну на галаву вашу.
І прадам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, а яны прададуць іх сабэйцам, народу, які жыве далёка, бо так сказаў Госпад».
Абвясціце гэта між народамі, прыгатуйцеся да святой вайны, склічце волатаў! Хай прыходзяць і хай выступаюць усе ваяры.
Перакуйце плугі вашы на мечы, і сярпы вашы — на дзіды; хай слабы кажа: «Я моцны».
Збярыцеся і прыйдзіце, усе народы сумежныя, ды збярыцеся там! Вядзі, Госпадзе, Тваіх волатаў.
Хай паўстануць народы і сыдуць у даліну Язафата, там бо сяду Я, каб судзіць усе сумежныя народы.
Пашліце сярпы, бо наспела жніво, ідзіце і таўчыце, бо поўная тоўчня і выліваецца з тоўчні, бо вялікая ліхота іх.
Народы, народы ў даліне Прысуду, бо блізкі дзень Госпада ў даліне Прысуду.
Сонца і месяц пацямнелі, і зоркі страцілі бляск свой.
І Госпад загрыміць з Сіёна, і з Ерузаліма падыме голас Свой; і ўзварухнуцца нябёсы і зямля, Госпад жа будзе прытулкам народу Свайму і цвярдыняй для сыноў Ізраэля.
«Дык пазнаеце тады, што Я — Госпад, Бог ваш, Які жыве на Сіёне, гары Маёй святой; і Ерузалім будзе месцам святым, і чужынцы больш не будуць праходзіць праз яго.
І станецца таго дня: горы будуць сцякаць вінаградным сокам, і ўзгоркі аплываць будуць малаком, і па ўсіх ручаях Юдэі пабягуць воды, а з дома Госпада выцячэ крыніца і напоіць даліну Сэтым.
Егіпет пойдзе на спусташэнне, і Эдом станецца бязлюднай пустыняй, таму што ліха чынілі адносна сыноў Юды і пралівалі кроў бязвінную ў зямлі іх.
А зямля Юдэйская будзе заселеная вечна, а Ерузалім — з пакалення ў пакаленне.
І адпомшчу за кроў іх, не пакіну без пакарання, і Госпад зажыве на Сіёне».