1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Паўла, Апостал Ісуса Хрыста, па загадзе Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, нашай надзеі,
 
Паўла, Апостал Ісуса Хрыста па загаду Бога, Збавіцеля нашага і Госпада Ісуса Хрыста, надзе́і нашае, —

Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца нашага і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Цімахве́ю, праўдзіваму сыну ў ве́ры: ласка, міласьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

Я, ідучы ў Мацэдонію, прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб загадаў некаторым не вучыць іншаму,
 
Адыходзячы ў Македонію, я ўпрасіў цябе́ быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны ня вучылі іншага

а таксама не займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым настаўлення Божага ў веры.
 
і не займаліся міфамі ды радаводамі бясконца, якія робяць больш спрэчак, чымся Божага збудаваньня ў ве́ры.

Мэтай жа прыказання ёсць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумлення, і няўяўнай веры,
 
Завяршэньне-ж загаду ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумле́ньня ды ве́ры бяз хітрыкаў,

адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя звярнуліся да пустаслоўя,
 
ад чаго адступіўшы, некаторыя ўзьбіліся на шлях пустаслоўя,

хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
 
жадаючы быць вучыцяля́мі закону, ды не разуме́ючы ані таго, аб чым гавораць, ані таго, што сцьвярджаюць.

Ведаем, што закон добры, калі ім хто законна карыстаецца,
 
А мы ве́даем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,

ведаючы, што закон устаноўлены не для справядлівага, але для несправядлівых і непаслухмяных, бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
 
ве́даючы тое, што закон не пакладзены для праведніка, але для беззаконных і непакорных, бязбожных і грэшнікаў, распусных і паганых, для забойцаў бацькоў і матак, для душагубаў,

для распуснікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,
 
для блуднікаў, мужаложнікаў, грабе́жцаў людзе́й, брахуноў, вераломных і для іншага, што праціўна здаровай навуцы,

паводле Евангелля славы дабраславёнага Бога, якое мне даручана.
 
водле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне́ даве́рана.

Дзякую Таму, Хто мяне ўзмацняе, Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, бо Ён палічыў мяне верным, ставячы на служэнне,
 
І дзякую Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, Які дае́ мне́ сілу, што Ён прызнаў мяне́ ве́рным, паставіўшы на служэньне,

мяне, які раней блюзніў, пераследаваў і ачарняў, але памілаваны, бо дзейнічаў па несвядомасці і з нявер’я.
 
мяне́, які ране́й і зьняважаў, і перасьле́даваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта праз няве́даньне, у няве́ры.

Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра з вераю і любоўю, якая ў Ісусе Хрысце.
 
Ласка-ж Госпада нашага памножылася ўва мне́ разам з ве́раю і любоўю ў Хрысьце́ Ісусе.

Вернае слова і вартае ўсякага прыняцця: Хрыстос Ісус прыйшоў на свет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы,
 
Ве́рнае гэтае слова і ўсякага прыйма́ вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў на сьве́т збавіць грэшнікаў, а каторых я пе́ршы.

але памілаваны дзеля таго, каб ува мне першым выявіў Хрыстос Ісус усю доўгацярплівасць на паказ тым, што павераць Яму на жыццё вечнае.
 
Але дзеля таго я й памілаваны, каб Ісус Хрысгос у-ва мне́ пе́ршым паказаў усю доўгацярплівасьць, на прыклад тым, што хочуць ве́рыць у Яго дзеля жыцьця ве́чнага.

Валадару ж бессмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму, мудраму Богу ўшанаванне і слава на векі вечныя. Амін.
 
Цару-ж вякоў нятле́ннаму, нявідомаму, адзінаму прамудраму Богу чэсьць і слава на ве́кі вякоў. Амін.

Гэты загад даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты вёў разам з імі добрае змаганне,
 
Гэты запаве́т выкладаю табе́, сын мой Цімахве́й, водле былых аб табе́ прароцтваў, каб ты ваяваў згодна з імі добрую вайну,

маючы веру і чыстае сумленне, якое страціўшы, некаторыя адступіліся ад веры,
 
маючы ве́ру і добрае сумле́ньне, адкінуўшы якое некаторыя заняпалі ў ве́ры;

з якіх Гіменэй і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не блюзніць.
 
із якіх Імяней і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не зьняважа́ць (Бога).