Ераміі 6 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Уцякайце з асяродку Ерузаліма, сыны Бэньяміна, і ў Тэкуа трубіце ў трубы, і над Бэт-Харэмам падыміце знак, бо з поўначы паказалася няшчасце ды вялікае спусташэнне.
Прыгожую і далікатную дачку Сіёна прымусіў Я змоўкнуць.
Да яе прыбудуць пастухі са сваімі статкамі, разаб’юць палаткі навокал яе, і кожны будзе пасвіць сваю частку.
«Прыгатуйцеся да святой вайны супраць яе, паўстаньце, і пойдзем апоўдні. Гора нам, бо дзень ужо схіліўся, бо даўжэйшыя сталі цені вечарам!
Устаньце ды хадземце ноччу і знішчым яе дамы».
Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: «Зрэжце дрэвы яе і насыпце вал кругом Ерузаліма, гэта бо горад пакарання, усялякая крывадушнасць пасярод яго.
Як студня дае выліцца вадзе сваёй, так ён дае выліцца ліхоце сваёй; чутно ў ім пра гвалт і спусташэнне, прыгнёт і пакуты заўсёды перад абліччам Маім.
Вучыся, Ерузалім, каб часам не адступілася душа Мая ад цябе, каб часам Я не перамяніў цябе ў пустыню, зямлю бязлюдную».
Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Абяруць старанна, як вінаград, да гронкі, рэшткі Ізраэля. Рухай рукой сваёй, як вінаградар да галінак вінаградных».
Каму я маю казаць і каго перасцерагаць, каб паслухаў? Вось жа, неабрэзаныя вушы іх, і не могуць яны чуць, вось жа, слова Госпада сталася для іх у пасмяянне, і яны не прымуць яго.
Таму поўны я гневу Госпадава, цяжка мне ўстрымацца. «Вылі яго на дзяцей на вуліцы і на сход юнакоў! Будуць забраны нават муж з жонкаю, таксама стары разам з вельмі састарэлым.
І пяройдуць дамы іх да іншых, падобна як палі і жонкі, бо выцягну Я руку Сваю на жыхароў зямлі, — кажа Госпад. —
Бо ад найменшага аж да найбольшага ўсе апанаваны сквапнасцю, ад прарока да святара, усе чыняць падман ды не саромеюцца.
І легкадумна яны лечаць рану народа Майго, кажучы: “Супакой, супакой”, а супакою няма.
Сорам ім, бо чыняць яны брыдоту; ды толькі сораму яны не адчуваюць і не ўмеюць чырванець. Дзеля таго ўпадуць сярод тых, што падаюць; у час, калі Я наведаю іх, пападаюць», — кажа Госпад.
Гэта кажа Госпад: «Станьце на дарогах і глядзіце, ды пытайцеся пра даўнейшыя сцежкі, якая дарога добрая, ды ідзіце па ёй, і знойдзеце супакой сэрцам вашым». Але яны сказалі: «Не пойдзем!»
«І паставіў Я назіральнікаў над вамі: “Слухайце гукі трубы!” Але яны адказалі: “Не будзем слухаць!”
Дык слухайце, народы, і зразумейце супольна, што Я маю ім зрабіць.
Слухай, зямля! Вось жа, Я навяду няшчасце на народ гэты, плод іх задумаў, бо не слухалі яны слоў перасцярогі Маёй ды закон Мой адкінулі.
Навошта Мне кадзіла, якое прывезена з Сабы, або трыснёг, салодкі і пахкі, з зямлі далёкай? Не прымаю Я вашых цэласпаленняў, і крывавыя ахвяры вашы не падабаюцца Мне».
Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я нашлю на гэты народ перашкоды, і спатыкнуцца аб іх бацькі і дзеці разам, сусед і сваяк прападуць».
Гэта кажа Госпад: «Вось, надыходзіць люд з зямлі паўночнай, і народ вялікі падымецца з канцоў зямлі.
Лук і меч схопіць ён, жудасны ён і без літасці, гармідар іх будзе шумець, як мора, і сядуць яны на коней, гатовыя ўсе як адзін да бою супраць цябе, дачка Сіёна!»
«Пачулі мы вестку аб гэтым, і рукі нашы самлелі, трывога ахапіла нас, пакуты — як у парадзіхі».
«Не выходзьце ў палі і не хадзіце па дарозе, бо меч ворага, трывога кругом.
Дачка народа Майго, апраніся ў зрэбніцу ды качайся ў попеле; учыні сабе жалобу, горкі плач, як па сыне адзіным, бо знянацку нападзе на нас нішчыцель.
Я паставіў цябе даследніцай у народзе Маім, і ты пазнаеш і выспрабуеш дарогу іх.
Усе яны — першыя бунтаўнікі, жывуць крывадушна. Яны — медзь і жалеза, псуюць усё.
Кавальскі мех раздуўся на агні, волава растапілася; надарма каваль пераплаўляў, шлакі не аддзяліліся.
Назавіце іх срэбрам асуджаным, бо адкінуў іх Госпад».