Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Далей аб’явіўся зноў Ісус вучням каля мора Тыберыядскага, а аб’явіўся ім так.
Былі разам Сімон Пётра і Тамаш, званы Блізнюк, Натанаэль, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Зебядзея, і два іншых з вучняў Яго.
Кажа ім Сімон Пётра: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «І мы пойдзем з табой». Дык пайшлі адразу, і селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі.
А калі настала раніца, стаў Ісус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Кажа ім затым Ісус: «Дзеці, ці маеце што есці?» Адказалі яму: «Не».
Дык сказаў ім: «Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце». Закінулі тады, і з-за мноства рыбы ўжо не маглі выцягнуць сетку.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётры: «Гэта ж Госпад!» Дык Сімон Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, апрануў туніку, бо быў голы, і кінуўся ў мора;
іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берага, каля двухсот локцяў, цягнучы сетку з рыбаю.
А калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзеныя вуглі, і рыбу, пакладзеную зверху, і хлеб.
Кажа ім Ісус: «Прынясіце тую рыбу, што цяпер налавілі».
Дык пайшоў Сімон Пётра і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, [якіх было] сто пяцьдзясят тры; і хоць было так шмат, сетка не падралася.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, ежце». Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.
Ісус падышоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз аб’явіўся Ісус вучням Сваім пасля ўваскрэсення з мёртвых.
Дык калі яны наеліся, кажа Ісус Сімону Пётры: «Сімоне Ёнаў, ці любіш Мяне больш за гэтых?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Пасі ягнятак Маіх».
Кажа яму ў другі раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
І кажа яму ў трэці раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што ўжо ў трэці раз сказаў яму: «Ці любіш ты Мяне?», дык кажа Яму: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш. Ты разумееш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, падпяразваўся сам і хадзіў, куды сам хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае ды хто іншы цябе падпяража і павядзе туды, куды ты не хочаш».
А гэта сказаў, паказваючы, якою ён смерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: «Ідзі за Мной!»
Пётра, азірнуўшыся, убачыў таго вучня, якога Ісус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуляўся да грудзей Яго і сказаў: «Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдае?»
І, калі ўбачыў яго Пётра, то кажа Ісусу: «Госпадзе, а ён што?»
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной».
Разышлася тады гэтая вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму: «Не памрэ», а толькі: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?»
Дык вось той вучань, які сведчыць пра гэта, і напісаў гэта, і мы ведаем, што сведчанне яго праўдзівае.
Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія меліся б быць напісаны. Амін.