Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
І, калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Саламея накуплялі духмянасцей, каб пайсці і памазаць Ісуса.
І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўжо ўзышло сонца.
І гаварылі між сабою: «Хто нам адкоціць камень ад уваходу ў магілу?»
І, глянуўшы, бачаць яны адвалены камень. А ён быў велізарны.
І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белае адзенне, і зжахнуліся.
А ён кажа ім: «Не палохайцеся! Шукаеце Ісуса з Назарэта, укрыжаванага. Ён уваскрос, няма Яго тут; вось месца, дзе Яго паклалі.
Але ідзіце і паведаміце вучням Яго і Пётры: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею. Там Яго ўбачыце, як Ён вам сказаў”».
І, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх ды трывога; і нікому нічога не казалі, бо баяліся.
Уваскросшы на світанні ў першы дзень тыдня, Ісус найперш паказаўся Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.
А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім былі, якія сумавалі і плакалі.
Але яны, пачуўшы, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі.
Пасля таго Ён паказаўся двум з іх у іншым выглядзе на дарозе ў паселішча.
І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі.
Нарэшце паказаўся Ён адзінаццаці, калі яны ўзлягалі пры стале, і дакараў іх за недаверства і закамянеласць сэрца, што не паверылі тым, што бачылі Яго ўваскрослага.
І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню.
Хто паверыць і прыме хрост, будзе збаўлены. Хто ж не паверыць, будзе асуджаны.
А тых, што павераць, будуць суправаджаць такія знакі: у імя Маё будуць яны выганяць дэманаў, на новых мовах гаварыць будуць,
змеяў будуць падымаць, ды хоць бы што атрутнае выпілі — не пашкодзіць ім, на хворых рукі ўскладаць будуць — і яны аздараўляцца будуць».
І пасля размовы з імі Госпад Ісус узнёсся ў неба, і сядзіць праваруч ад Бога.
А яны, пайшоўшы, вясцілі ўсюды, а Госпад дапамагаў ім і падмацоўваў словы іх знакамі, што іх суправаджалі. Амін.