Да Габрэяў 2 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што мы чулі, каб часам не сысці з дарогі.
 

Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякае злачынства і непаслухмянасць атрымлівалі справядлівую адплату,
 

то якім чынам мы зможам ухіліцца, калі занядбаем гэткае збаўленне, якое спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было тымі, што чулі ад Яго
 

за пацвярджэннем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасцямі, і дарамі Духа Святога па Яго волі.
 

Не анёлам бо падуладніў Бог будучы свет, пра які мы гаворым.
 

Засведчыў жа хтосьці ў нейкім месцы, кажучы: «Што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
 

Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго, і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх,
 

і ўсё Ты кінуў пад ногі яго». Калі ж усё падуладніў Яму, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ не ўсё падуладнена Яму.
 

Вось у Тым, Які быў мала паніжаны за анёлаў, бачым Ісуса, замучанага смерцю, вянчанага славай і пашанай, каб з ласкі Божай за ўсіх спазнаў смерць.
 

Бо належала, каб Той, для Якога ўсё і праз Якога ўсё, Таго, Які шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра іх збаўлення, удасканаліў праз цярпенне.
 

Бо Той, Хто ўсвячае, і тыя, якія ўсвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі,
 

кажучы: «Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе».
 

І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». Ды яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
 

Дык калі дзеці сталіся супольнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся супольнікам іх, каб смерцю знішчыць таго, які мае ўладу смерці, гэта значыць д’ябла,
 

і каб вызваліць тых, што праз страх смерці на ўсё жыццё былі аддадзены ў няволю.
 

Бо не анёлаў Ён прымае, але семя Абрагама прымае.
 

Дзеля гэтага Ён павінен быў ва ўсім упадобніцца братам, каб стацца міласэрным і верным Першасвятаром у Бога, каб ачысціць грахі народа,
 

бо таму, што Ён Сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаны, дапамагчы.