2 да Карынфянаў 11 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і церпіце мяне!
О, калі б вы (хоць) крыху былі цярплівымі да маёй няразумнасьці! Але вы і церпіце мяне.
Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу.
Бо я руплюся аб вас рупнасьцю Божай; бо я заручыў вас аднаму Мужу, каб прадставіць Хрысту чыстую дзеву.
Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашы думкі не адвярнуліся ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.
Але баюся, каб розумы вашыя ня былі пашкоджаны, як (некалі) зьмей хітрасьцю сваёй зьвёў Еву, так, каб і вы ня (ухіліліся) ад прастаты, якая ў Хрысьце.
Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага духа, якога вы не прынялі, або іншае евангелле, якое не атрымалі, — вы б цярпліва зносілі.
Бо (бачу ў вас), што калі б нехта прыходзячы пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы вам ня абвяшчалі, альбо калі б вы атрымалі духа іншага, якога ня атрымалі, альбо Эвангельле іншае, якое вы ня прынялі, то вы (такога) гатовы б цярпець.
Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх Апосталаў,
Бо думаю, што я ні ў чым ня маю нястачы перад вышэйшымі Апосталамі.
бо хоць я не вопытны ў слове, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам.
Хаця я (для вас) і просты ў слове, але ня ў пазнаньні. І мы ва ўсім добра вядомыя вам.
Ці ж я зграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма Евангелле Божае?
Ці саграшыў я, сябе ўніжаючы, каб вас узвысіць, калі я Божае Эвангельле апавясьціў вам зада́рма?
Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам.
Дзеля вашага служэньня я браў на пражытак з другіх цэркваў,
І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць.
і будучы (працуючы) у вас і перанёсшы нястачу я нікога ня абцяжарыў; таму што нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім стараўся і буду старацца быць для вас ня цяжарам.
Як Хрыстова праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі.
Ёсьць праўда Хрыста ўва мне, таму пахвала гэта (за дабравешчаньне) у краях Ахаі ня будзе ад мяне адабрана.
Чаму? Ці, можа, таму, што вас не люблю? Бог ведае!
Чаму (так кажу)? Ці таму, што ня люблю вас? Бог ведае!
Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца.
Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, што шукаюць поваду, каб, у чым яны хваляцца, аказаліся (такімі ж), як і мы.
Бо тыя фальшывыя апосталы — гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі Апосталамі.
Таму што яны ілжэапосталы, ілжывыя працаўнікі, якія прыймаюць выгляд Апосталаў Хрыста.
Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла.
І ня дзіва: бо сам шатан прыкідваецца ангелам сьвятла.
Таму нічога незвычайнага, што і яго паслугачы прыкідваюцца паслугачамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў.
Таму нічога вялікага няма (у тым), калі і ягоныя служкі прыкідваюцца служкамі праведнасьці, канец якіх будзе паводля іхных учынкаў.
І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.
Ізноў кажу: хай ніхто ня палічыць мяне няразумным; а калі ня так, дык прыміце мяне, хаця б як няразумнага, каб і мне хоць чым-небудзь пахваліцца.
Што гавару, тое гавару не паводле Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай адвазе пахвалы.
(А) што кажу, дык кажу ня паводля Госпада, але як бы па няразумнасьці пры гэткай адвазе на пахвалу.
Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.
Так як многія хваляцца паводля цела, то і я буду хваліцца.
Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя.
Бо вы людзі мудрыя ахвотна церпіце няразумных.
Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі ўзносіцца, калі хто б’е вас па твары.
Бо вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто (вас) аб’ядае, калі хто (вас) абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто вас б’е ў твар.
Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, — кажу ў неразумнасці, — дык і я адважуся.
На сорам вам кажу, што мы (на такія ўчынкі) аказаліся слабымі. Але калі нехта ў нечым асьмельваецца, то ў няразумнасьці гавару, асьмельваюся і я.
Яны гебраі? Дык і я! Яны ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я!
Яны жыды? І я. Яны ізраэляны? І я. Яны насеньне Абрагама? І я.
Паслугачы Хрыста? Здурэўшы кажу — дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта пры смерці;
Яны служкі Хрыста? Кажу як няразумны: я балей (таго)! многа балей у працах, звыш меры ў плягах, намнога больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
ад юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго,
Ад юдэяў я атрымаў пяць разоў па сорак (удараў) бяз аднаго.
тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у марской глыбіні.
Тройчы я быў пабіты палкамі, аднойчы быў пабіты камянямі, тройчы пацярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у (марской) глыбінí;
Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народа, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў,
часта у падарожжах, падпадаў пад нябясьпекі на рэках, у нябясьпеках ад разбойнікаў, у нябясьпеках ад суайчыньнікаў, у нябясьпеках ад паганаў, у нябясьпеках у ме́сту, у нябясьпеках у пустэльні, у нябясьпеках на моры, у нябясьпеках паміж ілжэбратамі,
у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне,
у працы і ў зьнемажэньні, часта ў нядасыпаньні, у голадзе і пра́зе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізьне.
і, апрача ўсяго іншага, штодзённы збор дзеля настаўніцтва ў мяне, клопат пра ўсе цэрквы.
Апрача звычайных (клопатаў) кожны дзень вакол мяне людзкая зборка, клопат аб усіх цэрквах.
Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, каб я не гарэў?
Хто зьнямагае, (з кім бы) і я ня зьнямагаў? Хто спатыкаецца, (за каго) і я ня ўзгараўся?
Калі належыць хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў.
Калі належыць хваліцца, то я буду хваліцца маёю нямогласьцю.
Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславёны навекі, ведае, што я не хлушу.
Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславёны навекі, ведае, што я ня ілгу.
У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць, і ў кашы спусцілі мяне цераз мур з акна, і так я ўцёк з рук яго.
У Дамаску намесьнік валадара Арэты пільнаваў места дамаскае жадаючы схапіць мяне;