2 да Карынфянаў 5 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе.
Бо мы ведаем, што, калі наш зямны дом, гэтая хаціна, будзе зруйнавана, то мы маем ад Бога будынак — дом нярукатворны, вечны на Нябёсах.
Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў наша жыллё, якое ёсць у небе,
Дык таму мы і стогнем, жадаючы апрануцца ў наша жыльлё зь Неба;
каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі.
толькі б нам і апранутым ня аказацца голымі.
Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём.
Бо мы знаходзячыся ў гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, паколькі мы ня хочам стацца голымі, але (хочам) апрануцца (у Таго), каб было праглынена сьмяротнае жыцьцём.
На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.
І Той, Хто нарадзіў нас да гэтага самага, ёсьць Бог, Які і даў нам задатак Духа.
Дзеля таго мы заўсёды адважныя, хоць ведаем, што, пакуль жывем у целе, мы далёкія ад Госпада,
Таму мы заўсёды бадзёрыя і ведаючы, што жывучы ў целе, мы жывём аддзеленымі (нашым целам) ад Госпада,
бо ходзім вераю, а не бачаннем.
таму мы ходзім вераю, (а) ня ба́чнасьцю,
Мы, аднак, адважныя ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам.
таму мы маем сьмеласьць і жадаем лепш выйсьці з гэтага цела і пасяліцца ў Госпада.
І таму імкнемся, ці пасяляючыся, ці высяляючыся, падабацца Яму.
Таму і рупна стараемся, ці то жывучы (у целе), ці то выходзячы (зь цела), быць Яму заўгоднымі,
Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, — ці добрае, ці ліхое.
таму што ўсім нам належыць зьявіцца перад Судом Хрыста, каб кожны атрымаў (за) тое, што зрабіў у целе, ці то добрае, ці благое.
Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя.
Ведаючы ж страх Госпада, мы пераконваем людзей; Богу ж мы адкрытыя, спадзяюся ж, што і вашым сумленьням мы адкрытыя.
Кажам вам гэта, не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы што сказаць перад тымі, што хваляцца абліччам, а не сэрцам.
Бо мы ня нанова прадстаўляем сябе вам, але даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы (што сказаць) тым, што хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас.
Калі ж мы (быццам бы) сыходзілі з розуму, то для Бога; калі ж (толькі) па розуму, то для вас.
Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
Бо любоў Хрыста ахапляе нас, што так разважылі: калі Адзін памёр за ўсіх, тады ўсе памерлі.
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.
А Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, больш ня для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.
Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі ж мы Хрыста спазналі паводле цела, дык ужо цяпер не ведаем.
Таму мы ад сяньня нікога ня ведаем паводля цела; калі ж і ведалі Хрыста па целу, то цяпер ужо ня ведаем.
Бо хто ў Хрысце — новае стварэнне; старое мінула, вось, усё сталася новае.
Так што, калі хто ў Хрысьце, (той) новае стварэньне; старое міну́ла, і вось усё (што ў Хрысьце) стала новым.
Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз Ісуса Хрыста і даў нам служэнне прымірэння,
Усё ж ад Бога, Які прымірыў нас з Сабой празь Ісуса Хрыста, і даў нам служэньне прымірэньня,
бо, вось, Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння.
таму што Бог быў у Хрысьце, мíрачы (гэты) сьвет з Сабою, ня залічваючы ім злачынстваў іхніх, і, Які зьмясьціў у нас слова прымірэньня.
Дык мы замест Хрыста пасланы, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам!
Таму дзеля Хрыста мы зьяўляемся пасламі, як ад Бога, Які ўгаворвае цераз нас: просім дзеля Хрыста: «памірыцеся з Богам».
Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў за нас грахом, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.
Бо ня ведаўшага грэху Ён (Бог) дзеля нас зрабіў (Яго, Ісуса, ахвярай за наш) грэх, каб мы сталіся праведнасьцяй Бога ў Ім.