Да Галятаў 5 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі.
 
Дык стойце ў волі, якую даў нам Хрыстос, і ня сьхіляйцеся ізноў пад ярмо рабства.

Вось, я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці.
 
Вось, я, Павал, кажу вам, што, калі вы абразаецеся, дык Хрыстос вам ня прынясе ніякай карысьці.

Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон.
 
Дык сьведчу ізноў усякаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выканаць увесь Закон.

Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддзеленыя і ад ласкі адпалі.
 
Вы, якія апраўдваецеся Законам, сталіся адхіленымі ад Хрыста, вы адпа́лі ад Багадаці.

Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання.
 
А мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры.

Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць сілы, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.
 
Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні няабразаньне, але вера, якая дзейнічае празь любоў.

Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
 
Вы добра бе́глі, хто вас спыніў, каб вы ня былі паслухмянымі праўдзе?

Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча.
 
Такое перакананьне ня ад Таго, Хто прыклікае вас.

Трохі кіслі ўсё цеста квасіць.
 
Крошка кíсьлі ўсё цеста квасіць.

Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.
 
Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць інакш; а хто бунтуе вас, панясе спагнаньне, кім бы ён ні быў.

Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа.
 
Браты, калі я ўсё яшчэ абвяшчаю абразаньне, дык за што я яшчэ дасюль ганíмы? Тады быў бы адхілены ка́мень спатыканьня крыжа.

О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
 
О, калі б былі адсечаны тыя, што бунтуюць вас!

Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу для пажадлівасці цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму.
 
Бо вы, браты, прыкліканы да волі. Толькі воля вашая хай ня служыць падставай для (дагаджэньня) плоці, але любоўю служыце адзін аднаму.

Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі блізкага свайго, як самога сябе».
 
Бо ўвесь Закон у адным сказе зьмяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе».

Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі.
 
Калі ж вы адзін аднаго грызеце і заядаеце, сьцеражыцеся, каб вы ня былі зьнішчаны адзін адным.

Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела.
 
А я кажу: жывіце Духам, дык ня споўніце пажаданьняў плоці.

Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі.
 
Плоць прагне супраць Духу; а Дух — супраць плоці; і яны супрацівяцца адзін аднаму, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.

Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам.
 
Калі ж вы ве́дзены Духам, дык вы ня пад Законам.

Вядомыя ж учынкі цела, вось яны: чужаложства, распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
 
Учынкі ж плоці ведамыя, якія ёсьць чужалоства, блудадзейства, нячыстасьць, разбэшчанасьць,

балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, нянавісць, забойствы, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі,
 
балванапаклонства, чарадзейства, варожасьць, сваркі, зайздрасьць, гнеў, звадкі, нязгоды, гарэзіі,

забойствы, п’янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць.
 
нянавісьць, забойствы, п’янствы, гулянкі і да таго падобнае, аб чым папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, што гэтак робяць, Валадарства Божага ў спадчыну ня атрымаюць.

Плод жа духа — любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вера,
 
Плод жа Духа ёсьць: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, зычлівасьць, дабрыня, вера,

сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону.
 
лагоднасьць, стрыманасьць. Супраць гэткіх няма Закону.

Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі.
 
А Хрыстовыя раскрыжавалі плоць з юрлівасьцямі і пажадлівасьцямі.

Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім.
 
Калі мы жывём Духам, дык Духам і ходзім.

Давайце не імкнуцца да пустой славы, дражнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.
 
Ня напаўняймася хванабэрыяй, ня раздражняйма адзін воднага, ня станьма адзін воднаму зайздросьціць.