Выхад 36 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Такім чынам, Бесэлеэль, і Агаліяб, і кожны мудры мужчына, якім Госпад даў мудрасць і розум, каб умелі працаваць па-майстэрску, выканалі ўсё, што патрэбна на ўжыванне ў святыні, што загадаў Госпад.
 

І паклікаў Майсей Бесэлеэля, і Агаліяба, і кожнага ўмелага чалавека, якому Госпад даў мудрасць; і ўсе, хто добраахвотна аддаўся выкананню працы,
 

атрымалі ад яго ўсе дары, якія прынеслі сыны Ізраэля на выкананне працы для служэння ў святыні. А тыя штодзень раніцай прыносілі яму новыя дары.
 

Тады сабраліся ўсе мудрыя рамеснікі, кожны ў сваім рамястве з-за святыні,
 

і сказалі Майсею: «Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць».
 

Таму Майсей загадаў абвясціць у лагеры голасам вестуна: «Хай ані мужчына, ані жанчына не прыносяць болей на ўсякую працу для святыні». І, такім чынам, спынілася прынясенне дароў,
 

бо прынесенага хапала і было аж занадта.
 

І мудрыя сэрцам паміж майстроў скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю;
 

у даўжыню дваццаць восем локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе палотны былі аднаго памеру.
 

І злучыў ён пяць палотнаў адно з адным, і другіх пяць палотнаў злучыў паміж сабою.
 

Зрабіў і петлі гіяцынтавыя на краі аднаго палатна, на краі злучэння, такім жа чынам — на краі другога палатна ў другім злучэнні.
 

Пяцьдзесят петляў зрабіў для абодвух палотнаў, каб петлі прыходзіліся адна насупраць адной і злучаліся між сабою.
 

Тады і пяцьдзесят залатых аплікаў зрабіў ён, якія звязалі петлі палотнаў, і скінія зрабілася адным цэлым.
 

Зрабіў і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй;
 

у даўжыню адно пакрыцце мела трыццаць локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе пакрыцці былі аднолькавага памеру.
 

Ён злучыў паміж сабой пяць пакрыццяў асобна, а шэсць другіх асобна.
 

І зрабіў ён пяцьдзесят петляў на краі злучэння апошняга пакрыцця і пяцьдзесят петляў па краі злучэння другога пакрыцця, каб яны злучаліся паміж сабою.
 

І зрабіў ён пяцьдзесят медных аплікаў, якімі звязвалася палатка, каб быць адзінай.
 

Зрабіў і пакрыцце на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і другое пакрыццё верхняе з сініх шкур.
 

Зрабіў і дошкі для скініі, што стаяць, з дрэва акацыі.
 

Даўжыня адной дошкі была дзесяць локцяў, а шырыня мела паўтара локця.
 

Кожная дошка мела два шыпы, каб злучацца адна з адною: так ён зрабіў на ўсіх дошках скініі.
 

З іх было дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень,
 

і сорак срэбраных падножжаў. Пад кожную дошку два падножжы размяшчаліся на двух шыпах.
 

Таксама для другога боку скініі, які глядзіць на поўнач, зрабіў дваццаць дошак,
 

і для іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад кожную дошку.
 

А для заходняга боку, гэта значыць для той часткі скініі, што глядзіць на мора, ён зрабіў шэсць дошак і дзве другія для кожнага вугла
 

знізу даверху скініі ззаду; яны былі падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху.
 

Так зрабіў ён дзве дошкі на абодвух вуглах,
 

каб усяго было восем дошак і каб яны мелі шаснаццаць падножжаў срэбраных: гэта значыць, па два падножжы пад кожную дошку.
 

Зрабіў і пяць жэрдак з дрэва акацыі для звязвання дошак, пяць для аднаго боку скініі і пяць другіх —
 

для другога боку скініі; і акрамя іх пяць другіх жэрдак для заходняга боку скініі, насупраць злучэння мора.
 

І зрабіў ён сярэднюю жэрдку, якая праходзіла праз сярэдзіну дошак ад аднаго краю аж да другога.
 

А самі дошкі пакрыў золатам. І ён зрабіў залатымі іх кольцы, у якія маглі быць прасунуты жэрдкі, і самі іх пакрыў залатымі пласцінамі.
 

Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з херубінамі вытканымі;
 

і зрабіў ён заслону на чатыры слупы з дрэва акацыі, якія з аплікамі іх пакрыў золатам, і чатыры падножжы, адлітыя са срэбра.
 

Зрабіў таксама заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы;
 

і пяць слупоў з іх аплікамі. І пакрыў ён золатам вяршыні і кольцы іх, а падножжы іх зрабіў з медзі.